Урад хоча далучыцца да праграмы, прапанаванай ЕС, якая атрымала назву SAFE. Гэта новы фінансавы інструмент Еўрапейскага Саюза, створаны ў 2025 годзе, накіраваны на ўмацаванне абароназдольнасці дзяржаў-членаў перад абліччам пагрозы з боку Расіі.
Паводле ўрада, гэта вельмі выгадны фінансавы крэдыт, які дае магчымасці для развіцця польскай ваеннай прамысловасці і павышэння абароназдольнасці краіны. Законапраект павінен падпісаць прэзідэнт Караль Наўроцкі. Аднак палітычная апазіцыя ў Польшчы настойліва заклікае прэзідэнта накласці вета на законапраект, нібыта з-за боязі, што праграма SAFE пагражае самастойным рашэнням польскіх уладаў. Апазіцыя сцвярджае, што ЕС можа па нейкай надуманай падставе затрымаць фінансаванне (блакада сродкаў ЕС адбылася з-за адсутнасці вяршэнства права ў Польшчы, калі пры ўладзе была партыя ПіС). Акрамя гэтага, апазіцыя лічыць, што ЕС праз праграму SAFE уводзіць абмежаванні на выбар партнёраў па праекце, і, у прыватнасці, маргіналізуе амерыканскіх партнёраў.
Старшыня Нацыянальнага банка Польшчы Адам Гляпіньскі, які застаецца пад уплывам ПіС, прапанаваў альтэрнатыўную праграму — SAFE 0%. Гляпіньскі прапануе, што на SAFE 0% грошы дасць Нацыянальны банк, нягледзячы на тое, што ён сам паведамляў пра фінансавыя страты ўстановы.
Афіцыйна падрабязнасці альтэрнатыўнай праграмы SAFE не былі прадстаўлены, аднак відавочна, што прапанова заключаецца ў тым, каб Нацыянальны банк прадаў частку залатых запасаў і неадкладна выкупіў іх. Такім чынам НБП паведаміць пра прыбытак і з'явіцца магчымасць фінансаваць SAFE 0%.
Былы старшыня Нацыянальнага банка Польшчы, прафесар Марэк Бэлька, называе такі крок «бухгалтарскай акрабатыкай».
— Гэта юрыдычна немагчыма. Трэба было б прыняць закон аб унясенні змяненняў у Закон аб Нацыянальным банку Польшчы.
—Паколькі цяжка дасягнуць пагаднення па праграме SAFE ад ЕС і апазіцыйнай праграме SAFE 0%, можна скарыстацца рашэннямі, якія ў мінулым даказалі сваю эфектыўнасць, — кажа Анджэй Садоўскі з незалежнага аналітычнага Цэнтра Адама Сміта.
— Найбуйнейшая стратэгічная інвестыцыя ў часы міжваеннай Польскай Рэспублікі — порт Гдыня, які будаваўся з нуля, быў прафінансаваны за кошт выпуску пакрытых аблігацый.
Пакрытыя аблігацыі — гэта высока абароненыя даўгавыя каштоўныя паперы, якія выпускаюцца іпатэчнымі банкамі для прыцягнення капіталу для доўгатэрміновых іпатэчных крэдытаў. Купляючы пакрытую аблігацыю, інвестары пазычаюць грошы банку, што гарантуе выплату працэнтаў і вяртанне асноўнай сумы.
Анджэй Садоўскі зазначыў, што палякі трымаюць на банкаўскіх рахунках амаль 1,5 трыльёна злотых, таму дастаткова прапанаваць ім прывабныя працэнтныя стаўкі.
IAR/яс