Эксперты кажуць пра неабходнасць спалучэння розных крыніц энергіі. Палітыкі нагадваюць пра дыверсіфікацыю ды адмову ад энергасыравіны з Расіі.
18-19 сакавіка ў Гданьску праходзіць Саміт па энергетыцы «PowerConnect 2026». Гэта адначасова канферэнцыя, прысвечаная энергетычнай бяспецы Балтыйскага рэгіёну, энергетычнай трансфармацыі Польшчы, і кірмаш ды прэзентацыя новых энергетычных тэхналогіяў, вытворцаў энергіі. У мерапрыемстве бяруць удзел прадстаўнікі ўрада, мясцовых уладаў, энергетычных кампаній і прадпрыемстваў тэхналагічнай галіны.
На адкрыцці канферэнцыі выступіў польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск, які зазначыў, што Польшча будзе цвёрда прытрымлівацца курсу незалежнасці ад расійскага газу.
Прэмʼер-міністр падкрэсліў, што разам са сваімі саюзнікамі Польшча будзе заставацца паслядоўнай, бо гэта элемент бяспекі краіны.
— Часам чуваць галасы, што ў звязку з вайной на Блізкім Усходзе ды энергетычным крызісам трэба было б аслабіць санкцыі ды вярнуцца да гандлю энергіяй з Расіяй. Няма згоды на гэта, бо ўзрасце пагроза бяспецы ды стабільнасці Захаду, Еўропы ды Трансатлантычнай супольнасці. Мы разлічваем на разуменне ды супрацоўніцтва з нашымі партнёрамі.
У апошнія гады Польшча стала цалкам незалежнай ад імпарту прыроднага газу з Расіі па трубаправодах, абапіраючыся на звадкаваны прыродны газ, які паступае на газавы тэрмінал у Свінавуйсці, на які прыпадае больш за 50% імпарту, і газаправод «Baltic Pipe», якім дастаўляецца сыравіна з Нарвегіі. У 2023 годзе імпарт дасягнуў 14,1 мільярда кубічных метраў, прычым асноўнымі пастаўшчыкамі сталі Нарвегія, Катар і ЗША. Унутранае спажыванне пакрываецца на прыкладна 80-90% імпартам, а рэшта ўнутранай вытворчасцю.
На будучыню Польшча павінна інвеставаць у атамную энергетыку ды аднаўляльныя крыніцы, каб гарантаваць энергетычную бяспеку, перакананы Славамір Гінц з канцэрну «Gaz-System».
— Што тычыцца польскай энергетыкі, яна павінна абапірацца на спалучэнне некалькіх крыніц: аднаўляльныя крыніцы з дадаткам газу ды атамнай энергетыкі. На маю думку, такі выбар дазваляе захаваць экалагічнасць энергетыкі ды канкурэнцыйнасць цэн. Газ-Сістэм бачыць таксама ў будучыні месца для вадароду, як паліва для транспарту. Для гэтага патрэбна ажыўленне рынку і рост запатрабавання ды вырабу.
Цягам наступнага дзесяцігоддзя Польшча ўкладзе ў энергетыку адзін трыльён злотых. Гэта будуць інвестыцыі ў інфраструктуру, лініі электраперадачы і электрастанцыі, абвясціў прэмʼер-міністр Дональд Туск падчас канферэнцыі Power Connect у Гданьску.
— Трыльён злотых будзе інвеставаны ў аднаўляльныя крыніцы энергіі, ды энергазберагальныя тэхналогіі, больш за 200 мільярдаў у сеці электраперадач, больш за 160 мільярдаў у ядзерную энергетыку.
Кіраўнік ураду заявіў, што Польшча зʼяўляецца найбуйнейшай у Еўропе «будаўнічай пляцоўкай у галіне энергетыкі».
Міністр дзяржаўнай маёмасці Войцех Бальчун падкрэсліў, што стратэгічныя дзяржаўныя кампаніі атрымаюць выгаду ад інвестыцый у энергетычны сектар.
— Мы адкрыта кажам пра інвеставанне трыльёна злотых у энергетыку, у трансфармацыю сектару. Мільярды злотых пойдуць канцэрнам з дзяржаўным удзелам, як Tauron, Orlen, Польская энергетычная група. Гэта кампаніі, якія сталі нацыянальнымі лідарамі, іх акцыі гандлююцца на біржы, яны далі імпульс развіцця для польскай эканомікі ды ўмацавалі давер з боку інвестараў.
Польшча магла б стаць еўрапейскім лідарам у энергетычнай трансфармацыі, лічыць міністр энергетыкі Мілаш Матыка. Падчас энергетычнага кірмашу Power Connect у Гданьску ён заявіў, што энергетычная трансфармацыя ідзе поўным ходам, але сутыкаецца з перашкодамі ў выглядзе дэзынфармацыі і хлусні, якія выкарыстоўвае Расійская Федэрацыя ў якасці зброі.
— Калі ў стратэгіі энергетычнай бяспекі РФ запісана ў якасці пагрозы развіццё атамнай энергіі ды аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Заходняй Еўропы ды ЕС. Для нас гэта падказка, каб развіваць менавіта гэтыя крыніцы, у іх інвеставаць, каб супрацьстаяць варожай стратэгіі, тым больш, што энергетыка моцна звязаная з бяспекай.
Асноўнай тэмай саміту Power Connect і суправаджальнай канферэнцыі зʼяўляецца абарона крытычна важнай інфраструктуры і стабільнасць нацыянальнай энергетычнай сістэмы. Удзельнікі абмеркавалі энергетычную бяспеку ў рэгіёне Балтыйскага мора, энергетычную трансфармацыю Польшчы і развіццё ланцужкоў паставак энергасыравіны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч