Гэта была першая чыгуначная лінія ў Царстве Польскім і другая — у Расійскай Імперыі пасля Царскасельскай. Яна злучала Варшаву з населеным пунктам Граніца (сёння — горад Сасновец) на мяжы з аўстрыйскай Галіцыяй. Нагадаем, у той час Польшчы не існавала як незалежнай дзяржавы, а яе тэрыторыя была падзеленая паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Варшаўска-Венская чыгунка была ўнікальнай інвестыцыяй, бо гэта была адзіная ў Расійскай Імперыі чыгунка з еўрапейскай каляінай (1435 мм), а не шырокай расійскай. Гаворыць Томаш Куроўскі са Станцыі «Музей» (Варшаўскі музей чыгуначнага транспарту).
— Варшаўска-Венская жалезная дарога. Гэтая назва стала важнай картай у гісторыі польскай чыгункі. Яе пабудавалі, каб спалучыць Расійскую Імперыю з Захадам. Чыгунка праходзіла праз Мазовію, Лодзінскую зямлю ажно да Сілезіі, да горада Сасновец, дзе спалучалася з аўстрыйскай чыгункай. Гэта была другая ў Расійскай Імперыі чыгунка і першая — на польскіх землях. Яе адкрылі ў 1845 годзе, але гісторыя пачынаецца 10-ю гадамі раней.
Гісторыя чыгункі ў Польшчы пачынаецца ў 1835 годзе, калі з’явіліся першыя праекты будучай лініі з Варшавы ў бок Аўстра-Венгрыі.
Ужо ў 1840 годзе пачаўся пробны рух цягнікоў на ўчастку Варшава-Скернявіцэ. Першапачаткова планавалася, што перавозкі па дарозе будуць ажыццяўляцца з дапамогай коней, аднак неўзабаве было вырашана адразу пачаць выкарыстанне паравозаў. І вось, 14 чэрвеня 1845 года пачалі курсіраваць рэгулярныя цягнікі на трасе з Варшавы ў горад Гродзіск-Мазавецкі (40 км ад польскай сталіцы). Пазней чыгуначная лінія паступова працягвалася: восенню цягнікі даходзілі ўжо да Ловіча, Пётркава і Чэнстаховы, а ў 1848 годзе — да аўстрыйскай мяжы.
Венскі вакзал у Варшаве, прыкладна 1890 год. Грамадскі набытак
Першапачаткова будаўніцтва чыгункі вялося за кошт прыватных інвестыцый, аднак неўзабаве акцыянернае таварыства збанкрутавала і фінансаванне пайшло з дзяржаўнай казны. За будаўніцтва адказваў царскі інжынер-генерал Эдуард Герстфельд, а аўтарам праекта і галоўным інжынерам быў паляк Станіслаў Высоцкі.
У 1845 годзе ў Варшаве быў пабудаваны раскошны Венскі вакзал, які стаў візіткай і адным з найбольш вядомых будынкаў горада. Вакзал быў разабраны ў пачатку 1930-х гадоў у сувязі з будаўніцтвам важнага чыгуначнага тунэлю. У 1848 годзе Варшаўска-Венская чыгунка была спалучаная з аўстрыйскай Паўночнай чыгункай імператара Фердынанда. У выніку Варшава атрымала прамое спалучэнне з Кракавам і горадам Брэслаў (цяперашні Вроцлаў), а пазней — з Венай.
У 1865 годзе было адкрыта спалучэнне з Варшавы ў Лодзь — буйны цэнтр тэкстыльнай прамысловасці. Дзякуючы гэтаму, вырабленыя ў горадзе тавары, пастаўляліся ў іншыя рэгіёны Расійскай Імперыі. Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму адбыўся хуткі рывок Лодзі ў бок развіцця.
У 1875 годзе з пабудовай маста праз Віслу дарога была злучаная з Пецярбурска-Варшаўскай, Прывіслінскай і Варшаўска-Тарэспальскай чыгункамі.
Дарэчы, у адрозненне ад раней пабудаванай Царскасельскай чыгункі, якая разглядалася як забаўляльная і абслугоўвала ў асноўным патрэбы царскага двара, Варшаўска-Венская з самага пачатку атрымала важнае эканамічнае значэнне і выкарыстоўвалася для вывазу вугалю з Дамброўскага басейна ў Прусію і тавараў польскай прамысловасці ў Расію. Паводле тагачасных дадзеных, згаданая чыгунка была найбольш прыбытковай сярод усіх чыгунак у Расійскай Імперыі.
Так у мінулым падарожнічалі багатыя пасажыры. Грамадскі набытак.
У складзе расійскай чыгункі траса фармальна функцыянавала да 1918 года, хаця рэальна ўжо ў 1915 годзе дарога апынулася на тэрыторыі, акупаванай Германіяй. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і абвяшчэння суверэнітэту Польшчы дарога ўвайшла ў склад польскай дзяржавы.
Неўзабаве пасля таго, як Польшча стала незалежнай краінай у лістападзе 1918 года, улады маладой дзяржавы прыступілі да развіцця чыгункі, якая на той час была асноўным відам транспарту.
А праблем было нямала, таму што ў спадчыну дасталася інфраструктура, якую будавалі тры розныя дзяржавы, якія падзялілі тэрыторыю Польшчы: Расія, Прусія і Аўстра-Венгрыя. 8 лютага 1919 года, праз пару месяцаў пасля таго, як Польшча абвясціла незалежнасць, было створана Міністэрства чыгуначных пуцей (даслоўны пераклад з польскай мовы – рэд.). У 1926 годзе на моцы дэкрэту прэзідэнта краіны была створана Польская дзяржаўная чыгунка (Polskie Koleje Państwowe).
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл