Беларуская Служба

На якія бонусы на адпачынак можа разлічваць супрацоўнік у Польшчы?

23.06.2026 18:44
 Найбольш папулярным варыянтам з'яўляецца так званая «груша».
КурортReneBoinski/pixabay.com/CC0

Неўзабаве летнія канікулы і летнія водпускі. Шматлікія кампаніі ў Польшчы падтрымліваюць летні адпачынак сваіх супрацоўнікаў рознымі бонусамі. Найбольш папулярным варыянтам з'яўляецца так званая «груша» – даплата на адпачынак, якую прадастаўляе працадаўца.

Супрацоўнікі могуць правесці свой адпачынак дзе заўгодна: на вёсцы, на дачы, пад пальмамі ці дома. Таксама не мае значэння, ці прыпадае адпачынак на лета ці на іншы час. Для таго, каб падаць заяўку на «грушу», работнік павінен правесці 14 каляндарных дзён адпачынку запар. Адпачынак «пад грушай» кампенсуецца з фонду сацыяльных выплат кампаніі. Пры гэтым, як адзначае эксперт юрыст Пётр Вайцяхоўскі, ці гэтак званую «грушу» выплачваюць, залежыць ад працадаўцы і правілаў кампаніі.

— Гэтая даплата не зʼяўляецца абавязковай. Усё залежыць ад таго, ці вырашыў працадаўца яе прадаставіць і ці ўключана яна ў правілы сацыяльны фонд кампаніі. Не існуе ніякіх заканадаўчых рэкамендацый адносна памеру гэтай субсідыі, і яна можа адрознівацца для асобных супрацоўнікаў у залежнасці ад сямейнага даходу на аднаго члена сямʼі, г.зн. ад сярэдняга сямейнага даходу.

На практыцы сума, якая прадастаўляецца супрацоўнікам, часцей за ўсё вагаецца ад некалькіх сотняў да прыкладна тысячы ці нават 1500 злотых (355 еўра).

Так званая «груша» – не адзіная льгота, на якую можа разлічваць супрацоўнік прадпрыемства. Згодна з аналізам групы «Progress», у апошнія гады назіраецца значны рост колькасці кампаній, якія прапануюць альтэрнатыўную падтрымку, звязаную з адпачынкам, як у выглядзе фінансавых льгот, так і дадатковых бонусаў, якія зніжаюць выдаткі на вакацыі. Паводле слоў Дароты Пахуцы з групы «Progress», існуе даволі шмат відаў падтрымкі супрацоўніка.

– Гэта, напрыклад, субсідыі на летнія лагеры для дзяцей. Часам кампаніі прадастаўляюць спецыяльныя даплаты на адпачынак або даюць турыстычныя ваўчары, якія дазваляюць аплачваць пражыванне, начлег, квіткі ў турыстычныя абʼекты, або льготныя тарыфы ў гатэлях, якія супрацоўнічаюць з кампаніямі праз партнёрскія праграмы. У некаторых кампаніях супрацоўнікі могуць скарыстацца зніжкамі на авіябілеты, больш таннымі праездамі на цягніках і аўтобусах, а таксама пакетамі страхавання падарожжа.

Акрамя фінансавай падтрымкі, кампаніі таксама могуць прадастаўляць сваім супрацоўнікам іншыя льготы, такія як, напрыклад, дадатковы водпуск. Варта спытаць пра іх у аддзеле кадраў.

PR1/яс