Беларуская Служба

Польшча пабудуе трэці LNG-тэрмінал і ўмацуе статус газавага хаба

24.06.2026 13:35
 Першы гданьскі тэрмінал зможа прымаць больш за 6 млрд кубаметраў газу штогод.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne. Shutterstock/ OlegRi

У Польшчы з’явіцца трэці тэрмінал для прыёму звадкаванага прыроднага газу (LNG). Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр Дональд Туск, адзначыўшы, што новы плывучы тэрмінал будзе пабудаваны ў Гданьскай затоцы і стане важным элементам энергетычнай бяспекі краіны. Пішуць на партале money.pl.

Паводле Туска, рашэнне аб інвестыцыі прыняў аператар газатранспартнай сістэмы Gaz-System. Новы аб’ект стане ўжо трэцім LNG-тэрміналам у Польшчы пасля дзейнага тэрмінала ў Свінауйсці і першага плавучага тэрмінала ў Гданьскай затоцы, будаўніцтва якога цяпер завяршаецца.

Кіраўнік польскага ўрада падкрэсліў, што праект будзе цалкам камерцыйным і не запатрабуе фінансавання з дзяржаўнага бюджэту. Паводле палітыка, цікавасць з боку міжнароднага бізнесу настолькі вялікая, што інвестыцыя акупіцца без дзяржаўнай падтрымкі.

Плавучыя тэрміналы FSRU дазваляюць прымаць LNG, ператвараць яго ў газападобны стан і падаваць у газавую сетку краіны. Першы гданьскі тэрмінал зможа прымаць больш за 6 млрд кубаметраў газу штогод. Яго запуск запланаваны ў 2027–2028 гг. Новы праект павінен яшчэ больш узмацніць ролю Польшчы як аднаго з галоўных цэнтраў размеркавання LNG у Цэнтральнай Еўропе.

эж