Беларуская Служба

Польская чыгунка будзе як швейцарская

30.06.2026 13:12
 Цягнікі будуць хадзіць часта і рэгулярна, у кожны рэгіён краіны, а перасадкі будуць зручныя.
     PKP Intercity
Цягнік польскай дзяржаўнай пасажырскай кампаніі PKP Intercityкрыніца: PKP Intercity

Да 2035 года польская чыгунка павінна быць падобнай да швейцарскай. Міністэрства інфраструктуры і кіраўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порту (CPK – поль.), які зараз распрацоўваецца, абвясцілі расклад, у якім цягнікі будуць хадзіць часта і рэгулярна, дасягаючы кожнага рэгіёна ў краіне і забяспечваючы зручныя перасадкі.

Цэнтральны камунікацыйны порт (CPK) — гэта буйны транспартны вузел у 40 кіламетрах ад Варшавы, які аб'ядноўвае тры ключавыя часткі: авіяцыю, чыгунку і аўтамабільныя дарогі.

Пра перавагі распрацаванага «Гарызантальнага раскладу», кажа намеснік міністра інфраструктуры Пётр Малепшак.

— У гэтым раскладзе адлюстроўваецца наш план па развіцці чыгуначных злучэнняў далёкага накіравання, арганізацыі пасажырскіх перавозак у рэгіёнах з выкарыстаннем рэгіянальных чыгуначных аператараў і гарадской чыгункі, а таксама па развіцці чыгуначнай інфраструктуры, у якой ужо сёння назіраюцца ўсё большыя праблемы з прапускной здольнасцю.

Намеснік старшыні Цэнтральнага камунікацыйнага порта Пётр Рахвальскі сказаў, што «Гарызантальны расклад» азначае зручнасць выкарыстання для падарожнікаў:

— Пастаянныя маршруты, зручныя перасадкі з дзвярэй у дзверы на адным пероне асноўных спалучэнняў. Мы да гэтага імкнёмся, мы хочам сцерці дрэнныя ўспаміны мінулых гадоў, калі цягнікі хадзілі вельмі рэдка — некалькі разоў у суткі, і калі цягнік спазніўся, пасажырам прыходзілася чакаць на наступны некалькі гадзін.

«Гарызантальны расклад» быў распрацаваны на аснове вопыту, у тым ліку, Швейцарыі і Аўстрыі. Да 2035 года цягнікі павінны даходзіць у кожны рэгіён Польшчы.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі