Беларуская Служба

Што самае галоўнае для пакупнікоў аўтамабіляў у Польшчы?

30.06.2026 14:22
51 працэнт пакупнікоў можа самастойна адрозніць добрае і дрэннае аўто.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneJonathan Weiss/Shutterstock

Пры куплі патрыманага аўтамабіля цана з'яўляецца галоўным фактарам — так сказалі 88 працэнтаў рэспандэнтаў. Апытанне, праведзенае сярод патэнцыйных кліентаў платформы продажу машын Automarket, таксама паказала, што на другім месцы тэхнічны стан аўтамабіля і яго гісторыя, у прыватнасці — інфармацыя пра пашкоджанні. Дырэктар офіса стратэгіі продажу платформы Аutomarket Аркадыюш Зарэмба адзначае, што кліенты хочуць свядома купляць машыны.

  Кліенты шукаюць аўтамабілі ў добрым стане, аднак праблема ў тым, што толькі 51 працэнт з іх можа самастойна адрозніць добрае і дрэннае аўто, вызначыць, ці яно ў добрым тэхнічным стане. У прынцыпе 2/3 пакупнікоў правяраюць тэхнічны стан аўтамабіля перад тым, як яго купляць, карыстаючыся платнымі сайтамі, парадамі знаёмых або правяраюць гісторыю транспартнага сродку на ўрадавым сайце gov.pl

Таксама ў апытанні задавалі пытанне, наколькі пакупнікам важна ведаць, ці меў аўтамабіль якія-небудзь пашкоджанні.

 Нам было цікава, ці пакупнікі адразу спісваюць такі аўтамабіль. Аказваецца, што 91 працэнт гатовы купіць машыну, у гісторыі якой было пашкоджанне, але яны хочуць ведаць інфармацыю, якія менавіта гэта былі пашкоджанні. Мы назіраем, што прадаўцы, якія не публікуюць інфармацыю пра тэхнічны стан машыны, губляюць кліентаў. Больш за 90 працэнтаў апытаных заявілі, што раскрыццё інфармацыі пра аварыі ўмацоўвае давер.

Апытанне было праведзена даследчай кампаніяй Minds@Roses сярод 900 кліентаў Automarket.


IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі