Гэтым летам Польшча будзе адным з галоўных турыстычных напрамкаў для чэхаў. Гэтая тэндэнцыя назіраецца ўжо некалькі гадоў, і колькасць чэхаў, якія выбіраюць адпачынак у Польшчы, пастаянна расце.
Павел Троян, дырэктар пражскага офіса Польскай турыстычнай арганізацыі, сказаў, што ў мінулым годзе Польшчу наведалі амаль паўмільёна чэхаў. Ён падкрэсліў, што статыстыка ўключае толькі гасцей, якія спыняюцца ў буйных гатэлях, таму рэальная колькасць чэшскіх турыстаў была вышэйшай. Сёлета рэкламная дзейнасць Польскай турыстычнай арганізацыі сканцэнтравана на ўсходняй частцы краіны.
— Заходняя Польшча — Ніжняя Сілезія, рэгіён Вялікапольшчы і Памеранія — ужо добра знаёмая чэхам. Вядома, ёсць кансерватыўныя турысты, якія з задавальненнем вяртаюцца ў тыя ж месцы. Аднак ёсць і вялікая група чэхаў, якія штогод шукаюць новыя напрамкі. Гэта магчымасць паказаць ім азёрны край Варміі і Мазур, Падляшша, Люблінскі край і Падкарпацкае ваяводства, — сказаў Павел Троян Польскаму радыё.
Таксама развіццё транспартных сувязей паміж Польшчай і Чэхіяй набывае ўсё большае значэнне. Паводле слоў дырэктара пражскага прадстаўніцтва Польскай турыстычнай арганізацыі, новыя авіязлучэнні паміж славацкай Браціславай і Гданьскам ды Варшавай, якімі таксама карыстаюцца чэхі, могуць павысіць даступнасць падарожжаў у Польшчу.
IAR/яс