Беларуская Служба

31-гадовы паляк кіруе AI-кампаніяй коштам 11 млрд долараў, якая канкуруе з Google і OpenAI

30.06.2026 15:06
Ідэя ElevenLabs нарадзілася яшчэ ў часы школьнага сяброўства заснавальнікаў.
Ілюстрацыйны здымакImage by Gerd Altmann from Pixabay/CC0

Як паведамляе Money.pl, 31-гадовы польскі прадпрымальнік Мацей Станішэўскі стаў сузаснавальнікам адной з кампаній у сферы штучнага інтэлекту, якая дэманструе небывалы рост. Ягоны стартап ElevenLabs, які распрацоўвае тэхналогіі сінтэзу і распазнавання голасу, пасля апошняга раўнда фінансавання ацэньваецца ў 11 млрд долараў.

Кампанію Станішэўскі заснаваў разам з Пятром Дамбкоўскім. Сёння яна канкуруе з такімі тэхналагічнымі гігантамі, як Google, Microsoft, Amazon і OpenAI. Сэрвісы ElevenLabs выкарыстоўваюць Deutsche Telekom, Revolut, Nvidia, Duolingo, Meta, Salesforce, Epic Games, урад Украіны і шэраг іншых буйных арганізацый.

Паводле Станішэўскага, кампанія з самага пачатку арыентавалася на глабальны рынак, адначасова робячы стаўку на польскіх спецыялістаў. Зараз у ElevenLabs працуюць каля 550 чалавек.

Прадпрымальнік адзначае, што галоўная мэта — не ацэнка бізнесу, а стварэнне адной з некалькіх вядучых сусветных платформаў для галасавых памочнікаў штучнага інтэлекту AI-агентаў. «Sky is the limit», — так ён адказаў на пытанне пра межы росту кампаніі.

Ідэя ElevenLabs нарадзілася яшчэ ў часы школьнага сяброўства заснавальнікаў. Іх натхніла жаданне зрабіць агучванне кніг, фільмаў і іншых матэрыялаў натуральным на любой мове. Акрамя таго, кампанія развівае тэхналогіі для адукацыі, абслугоўвання кліентаў і робататэхнікі, адначасова ствараючы механізмы, якія павінны абараніць карыстальнікаў ад злоўжыванняў і падробкі галасоў з дапамогай штучнага інтэлекту.

эж