Працяглая засуха і рэкордна нізкі ўзровень вады ў Дунаі прымусілі Венгрыю і Румынію абмежаваць працу атамных электрастанцый, якія выкарыстоўваюць рачную ваду для астуджэння рэактараў. Найбольшыя цяжкасці ўзніклі на венгерскай АЭС «Пакш», якая забяспечвае амаль палову вытворчасці электраэнергіі ў краіне. Як паведамляе Energetyka24, у чацвер магутнасць другога энергаблока была зніжана на 50% пасля таго, як узровень вады ў Дунаі апусціўся да 121 см адносна нуля водамернага паста.
Праблемы на станцыі працягваюцца ўжо некалькі дзён. Раней былі абмежаваныя магутнасці першага і трэцяга энергаблокаў, а адзін з іх часова спыняў працу. Пасля хвалі спякоты ўзровень Дунаю знізіўся да рэкордных значэнняў, што не дазваляе падтрымліваць неабходныя параметры астуджэння рэактараў без парушэння экалагічных нормаў. Для водазабеспячэння ўлады Венгрыі прывялі ў гатоўнасць аварыйныя службы і размясцілі каля станцыі пантонныя помпы.
Аналагічная сітуацыя склалася і ў Румыніі. Кампанія Nuclearelectrica часова адключыла адзін з рэактараў АЭС «Чэрнаводэ» магутнасцю 650 МВт у прафілактычных мэтах. Дэфіцыт электраэнергіі краіна плануе кампенсаваць за кошт імпарту. Пры гэтым улады Румыніі падкрэсліваюць, што пагрозы стабільнасці энергазабеспячэння пакуль няма. Акрамя энергетыкі, нізкі ўзровень Дунаю ўжо негатыўна ўплывае і на суднаходства па адной з галоўных водных артэрый Еўропы.
эж