Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Міністэрства клімату прапануе памяняць спосаб кампенсацыі за суседства з ветрапаркамі

04.08.2026 14:01
На думку Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя, цяперашнія спосабы кампенсацыі неэфектыўныя.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Janusz Walczak/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя хоча ўвесці правілы, якія абавязвалі б уладальнікаў ветрапаркаў ствараць фонды для фінансавання льгот для мясцовых жыхароў.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, кампаніі, якія інвестуюць у ветрапаркі, павінны прадаставіць частку запланаванай магутнасці жыхарам муніцыпалітэта, каб яны маглі выступаць у якасці «віртуальных» прасьюмераў (англ. prosumer) — у гэтым выпадку суб’ектаў, якія прадукуюць і спажываюць электраэнергію.

Аднак, на думку аўтараў законапраекта, гэты механізм занадта складаны. Акрамя таго, ён патрабуе ад жыхароў фінансавага ўзносу — больш за 7 000 злотых (амаль 1 628 еўра) за 1 кВт магутнасці.

— Мэта законапраекта — увесці новы механізм кампенсацыі, які будзе простым і, такім чынам, даступным для жыхароў, якія жывуць паблізу ветрапаркаў. Ён не будзе прадугледжваць ніякіх фінансавых выдаткаў з боку жыхароў, — гаворыцца ў тэксце законапраекта.

Згодна з прапановай міністэрства, інвестар будзе абавязаны стварыць фонд для фінансавання льгот для ўладальнікаў будынкаў і жылых памяшканняў, размешчаных у радыусе 1 000 метраў ад ветрапарка.

Фонд будзе дзейнічаць на працягу ўсяго тэрміну працы ўстаноўкі — да атрымання канчатковага дазволу на знос, што на практыцы азначае прыблізна 25 гадоў. Уладальнік ветрапарка павінен штогод уносіць сродкі ў фонд у памеры 20 000 злотых (больш за 4 651 еўра) за кожны 1 МВт усталяванай магутнасці са штогадовай карэкціроўкай на інфляцыю.

Нявыкарыстаныя цягам года сродкі з фонду будуць перадавацца мясцовым муніцыпалітэтам, каб выгады ад інвестыцыі адчувалі не толькі непасрэдныя суседзі ветрапарка, але ўся гміна.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі