Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Шэсць краін ЕС прапануюць абкласці звышпрыбыткі нафтавых кампаній падаткам

25.08.2026 17:10
Рост коштаў на энергію і, адпаведна, павелічэнне выдаткаў на жыццё, выклікаюць незадаволенасць у грамадстве. 
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/MDart10

Шэсць краін, у тым ліку Польшча, прапануюць спосаб як знізіць высокія цэны на энерганосьбіты. Міністры фінансаў Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Партугаліі, Італіі і міністр эканомікі Іспаніі звярнуліся да ірландскага старшынства ў Еўрапейскім Саюзе з заклікам увесці падатак на звышпрыбыткі нафтавых канцэрнаў.

У сваім звароце прадстаўнікі шасці краін адзначылі, што ў сувязі з вайной на Блізкім Усходзе нафтавыя кампаніі атрымліваюць вельмі высокія прыбыткі. Пры гэтым цяпер назіраецца адзін з найбуйнейшых шокаў на энергетычным рынку за апошнія дзесяцігоддзі.

Міністры падкрэслілі, што рост коштаў на энергію і, адпаведна, павелічэнне выдаткаў на жыццё, выклікаюць незадаволенасць у грамадстве. Паводле іх ацэнкі, ранейшыя меры не прынеслі чаканых вынікаў, таму неабходныя рашучыя дзеянні на ўзроўні Еўрапейскага Саюза, у тым ліку ўвядзенне падатку на звышпрыбыткі нафтавых кампаній.

Прадстаўнік шасці краін таксама нагадалі, што пасля расійскага нападу на Украіну Еўрасаюз ужо выкарыстоўваў падобны механізм, калі быў уведзены так званы салідарны ўзнос са звышпрыбыткаў энергетычных кампаній.

Акрамя таго, шэсць краін патрабуюць правесці паглыбленае расследаванне, каб высветліць, ці не завышаюць нафтаперапрацоўчыя заводы свае маржы, паколькі прыбыткі ад перапрацаванай прадукцыі растуць хутчэй, чым самі цэны.

Бэата Пламецкая/яс

 

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі