Саудаўская Аравія часова спыніла працу стратэгічнага нафтаправода «Усход—Захад» пасля атак беспілотнікаў у раёнах Эр-Рыяда і Медыны. Падзея выклікала сур'ёзную рэакцыю на сусветным энергетычным рынку і прывяла да рэзкага росту коштаў на нафту.
Нафтаправод, які перасякае ўвесь Аравійскі паўвостраў і вядзе да порта Янбу на Чырвоным моры, у апошнія месяцы набыў асаблівае значэнне пасля закрыцця Армузскага праліва. Праз яго праходзіла каля 4–5 працэнтаў сусветнага попыту на нафту.
Пасля навіны аб прыпыненні працы нафтаправода кошт нафты Brent імкліва вырас і складае каля 110 долараў за барэль. Эксперты адзначаюць, што фізічнага дэфіцыту сыравіны пакуль не чакаецца, аднак рынак ужо рэагуе спекулятыўным ростам коштаў.
Эканаміст Марэк Зубер лічыць, што паліва на запраўках не скончыцца, аднак праблемай могуць стаць высокія кошты.
— Нідзе не будзе не бракаваць нафты. Канешне, калі людзі не пачнуць масава яе скупляць, баючыся рэзкага росту коштаў. Тады магчыма ўсё, але для гэтага патрэбны сапраўды велізарны скачок попыту, якога, думаю, мы не ўбачым. Іншая праблема ў тым, што сама такая інфармацыя адразу запускае спекуляцыі і спекулятыўныя рухі коштаў. Таму, я лічу, нафта будзе, пытанне толькі ў тым, па якой цане.
Польскі канцэрн ORLEN запэўнівае, што пастаўкі нафты на ягоныя нафтаперапрацоўчыя заводы ажыццяўляюцца без перашкод. Кампанія падкрэслівае, што ўжо некалькі гадоў дыверсіфікуе крыніцы паставак і павялічвае ўласную здабычу. Сёлета ORLEN забяспечыў чвэрць сваіх патрэбаў, дзякуючы кантракту з нарвежскай кампаніяй Equinor і павялічыў запасы на 60 мільёнаў барэляў нафты пасля набыцця долі ў радовішчы Goliath у Нарвегіі.
Тым не менш аналітыкі папярэджваюць, што глабальны рост коштаў на нафту непазбежна адаб'ецца і на польскіх кіроўцах. Асабліва складаная сітуацыя назіраецца на рынку дызельнага паліва, адзначае эксперт па сыравінных рынках Давід Чопэк.
— Асабліва дрэнна выглядае сітуацыя з дызельным палівам. Калі перанесці сённяшнія аптовыя цэны на аўтазапраўкі, то да канца тыдня будзе вельмі цяжка ўтрымаць кошт дызеля ніжэй за 9 злотых за літр. Што датычыцца бензіну, сітуацыя крыху лепшая, але і тут кошт будзе толькі прыкладна на адзін злоты ніжэйшы, чым у выпадку з дызелем.
Саудаўская Аравія сёння застаецца галоўным пастаўшчыком нафты для Польшчы і забяспечвае амаль палову сыравіны, якая перапрацоўваецца на заводах у Плоцку і Гданьску. Таму, нягледзячы на запэўніванні ORLEN аб бесперабойных пастаўках, эксперты не выключаюць далейшага росту коштаў на паліва ў Польшчы ў найбліжэйшыя тыдні.
IAR/яс