Еўропа сутыкнулася з самым моцным ростам цэн на энерганосьбіты з часоў энергетычнага крызісу 2022 года. Галоўнымі прычынамі сталі падаражанне газу, праблемы з пастаўкамі з Блізкага Усходу і ўзмацненне канкурэнцыі за звадкаваны прыродны газ, паведамляе партал Biznes Alert.
Адным з галоўных сігналаў стала цана газу на нідэрландскім хабе TTF: у сярэдзіне верасня яна перавысіла 81 еўра за МВт·г — такіх узроўняў не было з канца 2022 года. На гэтым фоне студзеньскія кантракты на электраэнергію ў Германіі перасягнулі 180 еўра за МВт·г, павялічыўшыся больш як на 60% за год.
Асноўная рызыка цяпер звязана з Армузскім пралівам. Частковае закрыццё артэрыі абмяжоўвае транспарціроўку энергарэсурсаў з Персідскага заліва. Дадатковую небяспеку ствараюць праблемы ў Чырвоным моры і раёне праліва Баб-эль-Мандэб. Гэта павялічвае выдаткі на газ, нафту, фрахт і страхаванне грузаў.
Энергетычны шок ужо адбіваецца на спажывецкіх цэнах: у жніўні інфляцыя ў еўразоне паскорылася да 3,3% у гадавым вымярэнні. Гэта ўскладняе выкананне мэтавага паказчыка, пастаўленага Еўрапейскім цэнтральным банкам: высокія стаўкі стрымліваюць інфляцыю, але адначасова робяць даражэйшымі крэдыты для бізнесу і дзяржаў.
Асабліва ўразлівай застаецца еўрапейская прамысловасць. Калі дарагія газ і электрычнасць застануцца надоўга, вытворцы ў ЕС могуць яшчэ мацней саступаць у канкурэнцыі кампаніям з ЗША, Азіі і Блізкага Усходу. А працяг праблем з пастаўкамі да зімы можа ператварыць энергетычны крызіс у сур'ёзны тэст для ўсёй еўрапейскай эканомікі.
эж