Польшча – прывабны рынак для нарвежскіх інвестараў. Паводле ацэнак Скандынаўска-польскай гандлёвай палаты, нарвежскія кампаніі павялічваюць сваю прысутнасць у Польшчы. Кошт капіталу, інвеставанага імі ў Польшчы, набліжаецца да 3 мільярдаў еўра.
Аўтары справаздачы адзначаюць дынамічны рост – на 40 працэнтаў – прысутнасці кампаніяў з Нарвегіі ў Польшчы паміж 2022 і 2024 гадамі.
Асноўныя сферы супрацоўніцтва ўключаюць энергетыку, у тым ліку зялёную энергетыку, ваенную абарону, а таксама суднабудаванне і рыбалоўства.
Аналітык выдання «Puls Biznesu» Габрыэль Храстоўскі (Gabriel Chrostowski) заявіў, што польская і нарвежская эканомікі дапаўняюць адна адну.
- Нарвегія ўносіць свой уклад у выглядзе тэхналогій, капіталу, сыравіны і доступу да міжнародных ланцужкоў. У сваю чаргу Польшча – не толькі шырокія вытворчыя магутнасці, але і кадры. Нашы аналізы паказваюць, што ў Польшчы сапраўды высокакваліфікаваная працоўная сіла, – лічыць аналітык.
У сваю чаргу Сільвія Вайташчык-Цёнцька (Sylwia Wojtaszczyk-Ciąćka) са Скандынаўска-польскай гандлёвай палаты падкрэсліла, што польска-нарвежскія адносіны выходзяць на новы ўзровень.
- У цяперашні час у Польшчы працуе каля 417 нарвежскіх кампаній, і гэтыя інвестыцыі, як мы бачым, хутка растуць. Ёсць шмат перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, у першую чаргу ў галіне зялёнай трансфармацыі. Зараз, асабліва ў такіх актуальных праблемах, як абарона і бяспека, мы назіраем дынамічны рост гэтага супрацоўніцтва, – кажа экспертка.
У мінулым годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў больш за 13 мільярдаў еўра.
IAR/аз