Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сёлетняга Нобеля па эканоміцы атрымалі два навукоўцы, якія даследуюць адну і тую ж тэму, але робяць гэта асобна

13.10.2026 10:30
Іхная праца сканцэнтраваная, сярод іншага, на зніжэнні інфляцыі і беспрацоўя.
Аўдыё
  • Нобелеўскую прэмію па эканоміцы сёлета атрымалі Роберт Э. Хол і Майкл Вудфард
       .
Нобелеўскую прэмію па эканоміцы сёлета атрымалі Роберт Э. Хол і Майкл ВудфардPAP/EPA/ANDERS WIKLUND

Нобелеўскую прэмію па эканоміцы сёлета атрымалі Роберт Э. Хол і Майкл Вудфард. Амерыканскія эканамісты былі ўзнагароджаны за свае даследаванні мікраэканамічных асноў макраэканамічнай стабілізацыі. Іх праца была сканцэнтравана, сярод іншага, на зніжэнні інфляцыі і беспрацоўя.

Як тлумачыць прафесар Лукаш Гочэк (Łukasz Goczek) з Кафедры макраэканомікі і тэорыі міжнароднага гандлю Варшаўскага ўніверсітэта, узнагароджаныя навукоўцы тлумачаць, як кіраваць чаканнямі спажыўцоў.

- Калі зараз крызіс, то Нацбанк і ўлады, павінны такім чынам кіраваць нашымі чаканнямі на будучыню, каб яны былі станоўчымі. У сваю чаргу, калі сітуацыя добрая, а эканоміка стабільная, то Нацбанк і ўлады, проста не павінны рабіць крокаў, якія могуць падарваць нашу ўпэўненасць у будучыні, – кажа прафесар Гочэк.

Хоць яны даследуюць адны і тыя ж праблемы, але ніколі не напісалі разам ніводнага артыкула. Роберту Э. Холу 83 гады. Ён з'яўляецца прафесарам Стэнфардскага ўніверсітэта, а Майклу Вудфарду 71 год і ён зʼяўляецца прафесарам Калумбійскага ўніверсітэта.

Нобелеўская прэмія па эканоміцы, у прыватнасці Прэмія Шведскага банка па эканамічных навуках у памяць пра Альфрэда Нобеля не была заснаваная самім Нобелем, але праз 70 гадоў пасля яго смерці і прысуджаецца Шведскім банкам. Камітэт па прысуджэнні прэміі ўхваліў гэтую ініцыятыву і ўзнагарода рэгулярна ўручаецца з 1969 года.

Устанаўленне Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, як галіны, якая не была канкрэтна згадана ў завяшчанні заснавальніка, выклікала вялікія спрэчкі. У рэшце рэшт, Нобелеўскі фонд вырашыў, што гэта будзе адзіным выключэннем, і што больш не будзе Нобелеўскіх прэмій па дадатковых навуках.

Сёлетняя Нобелеўская прэмія складае 12 мільёнаў крон, то бок была павялічана з 11 мільёнаў крон. Акрамя фінансавых сродкаў лаўрэат атрымлівае таксама залаты медаль і дыплом.

IAR/PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі