Пацярпелыя кліенты крыптабіржы «Zondacrypto» павінны паспяшацца. Да 27 кастрычніка яны мусяць заявіць свае грашовыя патрабаванні эстонскаму ліквідатару кампаніі, якая кіравала біржай. Звярнуцца толькі ў польскую пракуратуру недастаткова.
На гэты момант заяўленыя патрабаванні складаюць каля 43 мільёнаў еўра. Гэта значна менш за першапачатковыя ацэнкі, паводле якіх агульная сума прэтэнзій магла дасягаць нават 700 мільёнаў еўра. Як тлумачыць Даміян Пшыбылоўскі, юрыдычны дарадца і старшыня «Kамітэта крэдытораў», заяву можна падаць электроннай поштай, але важна правільна яе аформіць.
— Можна скарыстацца ўзорам заявы, які з'яўляецца дадаткам да еўрапейскага рэгламенту аб неплацежаздольнасці, але гэта не абавязкова. Аднак заява павінна ўтрымліваць усе неабходныя звесткі. Памылка — выкладаць патрабаванне проста ў тэксце электроннага ліста. Яго трэба аформіць асобным дакументам і падпісаць кваліфікаваным электронным подпісам. Калі такога подпісу няма, дакумент трэба раздрукаваць, падпісаць уласнаручна і даслаць яго скан. Важна таксама прыкласці доказы, напрыклад скрыншоты крыптакашалька і праведзеных аперацый.
Падрабязная інфармацыя ёсць на сайце zondaodzyskaj.pl. Аднак падача заявы не гарантуе вяртання ўсіх укладзеных грошай. Паводле адваката Яна Зёмэка, вынік залежыць ад таго, колькі маёмасці ўдасца ўключыць у конкурсную масу і колькі пацярпелых заявяць свае патрабаванні. Цяпер такіх асоб каля пяці тысяч, прычым амаль тысяча заяў адхілена з фармальных прычын.
— У большасці спраў аб банкруцтве крэдыторам удаецца вярнуць каля 30–40 працэнтаў сумы патрабаванняў. У гэтым выпадку не было інстытуцыйнай сістэмы абароны сродкаў і спецыяльных гарантый, якія, напрыклад, існуюць у банкаўскім сектары. Таму кліенты не павінны разлічваць на вяртанне ўсіх грошай, — папярэджвае адвакат.
На гэтым тыдні ў Польшчу павінен прыехаць эстонскі ліквідатар. Ён плануе сустрэцца з пракурорам і прадстаўнікамі пацярпелых кліентаў.
PR1/яс