Саудаўскі нафтавы гігант Saudi Aramco можа прадаць частку сваіх актываў у Польшчы, паведамляе Rzeczpospolita. Таксама існуе верагоднасць, што кампанія можа пазбавіцца ад сваёй долі ў Гданьскім нафтаперапрацоўчым заводзе (Rafineria Gdańska).
Паводле звестак выдання, канчатковыя рашэнні яшчэ не прынятыя, аднак усё часцей гавораць пра планы Saudi Aramco скараціць сваю дзейнасць у польскім энергетычным сектары.
— Нафтагазавы канцэрн даручыў банку JPMorgan Chase прааналізаваць рынак на прадмет магчымага продажу актываў. Паведамляецца, што ўжо складзены кароткі спіс з трох патэнцыйных пакупнікоў, — піша газета.
Выданне называе два асноўныя сцэнарыі, якія разглядаюцца: першы прадугледжвае поўны выхад з Польшчы, а другі — значна больш імаверны — прадугледжвае продаж кампаніі Aramco Fuels Poland, выручка якой у мінулым годзе склала 18,2 млрд злотых.
Крыніцы, на якія спасылаецца выданне, мяркуюць, што гэтае рашэнне часткова абумоўлена новымі правіламі ЕС, якія тычацца экалагічных, сацыяльных і кіраўнічых аспектаў.
— Патэнцыйны продаж гэтых польскіх структур з'яўляецца часткай больш шырокага перагляду актываў, які праводзіць саудаўскі бок; паводле ацэнак агенцтва Reuters, увесь гэты партфель каштуе 50 млрд долараў ЗША, — паведамляе газета.
Газета дадае, што магчымы продаж актываў можа закрануць долі ў кампаніях, якія працуюць у сферы вытворчасці серы, экспартныя тэрміналы, энергетычную і водную інфраструктуру, а таксама нерухомасць.
нг