Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

 Польшча — еўрапейскі лідар па вытворчасці знічак

27.10.2026 13:07
У сусветным маштабе Польшчу ў вытворчасці знічак апярэджвае толькі Кітай.
Магіла са знічаміБеларуская служба Польскага радыё

На час Дня ўсіх святых, які ў Польшчы адзначаюць 1 лістапада, прыпадае ажно 65 працэнтаў гадавога продажу знічак. Гэта азначае, што ўсяго за некалькі тыдняў вытворцы і прадаўцы атрымліваюць большую частку сваёй гадавой выручкі.

Аднак сёлета сітуацыя на рынку няпростая. Вытворцы сутыкаюцца з ростам цэн на парафін, шкло і паліва — практычна на ўсё, што неабходна для вытворчасці і дастаўкі знічак.

Пра становішча ў галіне расказвае Лукаш Кухта, старшыня Агульнапольскага аб'яднання вытворцаў свечак і знічак.

 — У нас моцная галіна вопытных вытворцаў, а прадукцыя знаходзіць пакупнікоў па ўсім свеце. Часта гэта сямейныя прадпрыемствы, а за імі стаяць таксама шкляныя заводы і вытворцы кампанентаў, такіх як падстаўкі і каўпачкі для знічак. Гэты год, безумоўна, быў значна цяжэйшы за папярэдні, галоўным чынам праз канфлікт ЗША з Іранам і перабоі ў Армузскім праліве. Гэта паўплывала найперш на цэны парафіну, пластмас для вытворчасці ўкладышаў для знічак, упакоўкі, ну і транспарту. Выклікам у гэтым годзе таксама з'яўляецца папулярнасць святлодыёднага надмагільнага асвятлення.

Гаворка пра знічкі на батарэйках, якія завозяць пераважна з Кітая. Яны служаць даўжэй за традыцыйныя. На рынку з'явіліся таксама сонечныя лампады, здольныя свяціцца на працягу многіх дзён. Кошт такіх лампад складае ад 50 (11 еўра) да 70 злотых (15 еўра) , а большыя мадэлі могуць каштаваць нават 200 злотых (45 еўра).

Тым часам традыцыйныя знічкі таксама падаражэлі. Анджэй Выжыкоўскі, які кіруе крамай кветак і знічак у Заходнепаморскім ваяводстве, адзначае, што ў параўнанні з мінулым годам цэны выраслі больш чым на 10 працэнтаў.

 — У сярэднім цэны падняліся на 10 працэнтаў у параўнанні з леташнімі. У некаторых пастаўшчыкоў яны павялічыліся нават на 15 працэнтаў, але толькі на традыцыйныя знічкі. За маленькія знічкі мы заплацім ад 3 да 8 злотых (да 2 еўра), потым за сярэднія — ад 9–11 да 15–18 злотых (да 4 еўра), а ўжо большыя каштуюць ад 25 да 80 злотых (5-18 еўра), у залежнасці ад таго, якія гэта знічкі і ці моцна ўпрыгожаныя.

Нягледзячы на рост выдаткаў, Польшча ўжо шмат гадоў застаецца еўрапейскай дзяржавай-лідарам па вытворчасці і продажы знічак.

Галоўным замежным пакупніком з'яўляецца Германія. На яе прыпадае кожная трэцяя польская знічка, прызначаная для экспарту.

А на ўнутраным польскім рынку штогод у перыяд Дня ўсіх святых прадаецца каля 300 мільёнаў знічак.


Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі