Вядомая фармацэўтычная кампанія Polfa Tarchomin будуе сучасны Цэнтр распрацоўкі і вытворчасці анкалагічных прэпаратаў. Будынак ужо гатовы, вядуцца завяршальныя работы – мантаж неабходных установак і сістэм. Вытворчасць лекаў павінна пачацца напрыканцы 2024 і пачатку 2025 гадоў.
Віцэ-міністр дзяржаўных актываў Мацей Малецкі(Maciej Małecki) падкрэсліў, што гэта будзе найбуйнейшы завод па вытворчасці анкалагічных лекаў у рэгіёне:
- Тут будуць выпускацца прэпараты, якія дазволяць паспяхова змагацца з хваляй аналагічных захворванняў у Польшчы. Гаворка ідзе пра прэпараты для лячэння вострага лейкозу, раку малочнай залозы, міеломнай хваробы. Канцэрн будзе выпускаць 6 мільёнаў дозаў у год. Паралельна ўзнікае таксама лінія па вытворчасці розных іншых лекавых сродкаў, агулам да 20 мільёнаў дозаў у год.
Старшыня кампаніі Polfa Tarchomin Яраслаў Круль(Jarosław Król) паведаміў, што Цэнтр распрацоўкі і вытворчасці анкалагічных прэпаратаў будзе абсталяваны самымі сучаснымі вытворчымі лініямі:
- Такім чынам мы зможам справіцца з самымі патрабавальнымі хімічнымі рэчывамі. Напрыклад, можам выпускаць гармоны, стэроіды… Будаўніцтва сучаснага цэнтра – гэта пералом, які можна параўнаць з выпускам першых дозаў інсуліну і пеніцыліну на нашай фабрыцы, што адбылося некалькі дзясяткаў гадоў таму.
Кошт інвестыцыі складае больш за 550 мільёнаў злотых (амаль 123 мільёны еўра), з якіх 200 мільёнаў злотых (больш за 44,5 мільёна еўра) – гэта дафінансаванне з дзяржаўнай казны.
Polfa Tarchomin – польскі вытворца лекаў. Адна з самых вопытных фармацэўтычных кампаній у свеце.
IAR/аз