Беларуская Служба

Справаздача Randstad: 59 працэнтаў замежнікаў, якія працуюць у Польшчы, звязваюць сваю прафесійную будучыню з гэтай краінай

04.06.2024 12:40
Недастатковае веданне польскай мовы – асноўная прычына працы ніжэй за кваліфікацыю ў выпадку кожнага другога замежнага супрацоўніка.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

59 працэнтаў замежнікаў, якія працуюць у Польшчы, звязваюць сваю прафесійную будучыню з гэтай краінай, а 33 адсоткі яшчэ не прынялі рашэння па гэтым пытанні, пра гэта сведчыць справаздача Randstad.

Паводле яе, Польшча знаходзіцца на другім месцы ў Еўропе па колькасці мігрантаў з Украіны – больш за 1 мільён чалавек. На першым месцы Германія, дзе зараз пражывае амаль 1,3 мільёна мігрантаў.

У той жа час па колькасці мігрантаў на 1 000 жыхароў лідзіруюць Чэхія (35,6), Польшча (26) і Эстонія (25,8). Адзначаецца, што ў даследаванні таксама ўдзельнічалі замежнікі з Беларусі, Грузіі, Расіі і Непала.

Больш за 94 працэнты ўдзельнікаў апытання задаволеныя цяперашнімі ўмовамі працы ў Польшчы. На іх думку, працадаўцы больш дакладна рэагуюць на патрэбы і чаканні супрацоўнікаў не толькі ў плане аплаты працы, але і формы занятасці, якая дазваляе жанчынам, якія дамінуюць у групе мігрантаў, даглядаць дзяцей або пажылых бацькоў.

Замежнікі з вышэйшай адукацыяй складаюць найбольшую групу сярод удзельнікаў даследавання (44 працэнты). Амаль 30 працэнтаў рэспандэнтаў маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, амаль кожны пяты – сярэднюю.

48 працэнтаў замежных працаўнікоў сцвярджаюць, што ў Польшчы працуюць ніжэй за сваю прафесійную кваліфікацыю. 18 працэнтаў знайшло працу, якая адпавядае іхным кваліфікацыям.

Справаздача паказвае, што недастатковае веданне польскай мовы зʼяўляецца асноўнай прычынай працы ніжэй за кваліфікацыю ў выпадку кожнага другога замежнага працаўніка (50 працэнтаў). Аднак аўтары даследавання падкрэсліваюць, што гэты паказчык зменшыўся ў параўнанні з мінулым годам на 10 працэнтаў.

Наступнымі перашкодамі зʼяўляюцца: непрызнанне сертыфікатаў, дыпломаў і паўнамоцтваў, атрыманых у роднай краіне (28 працэнтаў), адсутнасць даступных прапаноў працы адпаведнай кваліфікацыі (27 працэнтаў), а таксама праблемы, звязаныя з прыватным жыццём.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі