Беларуская Служба

ZUS: 200 тысяч бацькоў яшчэ не падалі заявак на дапамогу «800 Плюс»

11.06.2024 12:03
Гаворка ідзе пра новы разліковы перыяд, які пачаўся з 1 чэрвеня бягучага года.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Tomasz_Mikolajczyk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле Ведамства сацыяльнага страхавання(ZUS), прыкладна 200 тысяч бацькоў, якія маюць права на дапамогу на дзяцей: «Сям’я 800 Плюс» (раней гэта было «Сям’я 500 Плюс»), не падалі заявак на атрыманне згаданых сродкаў. Гаворка ідзе пра новы разліковы перыяд, які пачаўся з 1 чэрвеня бягучага года.

Прэс-сакратар Ведамства сацыяльнага страхавання Павел Жаброўскі(Paweł Żebrowski) паведаміў, што бацькі і апекуны, якія жадаюць атрымаць дапамогу, павінны падаць згаданую заяўку, а тэрмін падачы ўплывае на бесперапыннасць выплатаў:

- Калі заяўка будзе пададзеная ў чэрвені, то выплаты сродкаў можна чакаць да канца жніўня з выраўнаннем ад чэрвень. Таму варта пільнаваць тэрмінаў, каб гарантаваць сабе бесперапыннасць выплатаў і не страціць права на дапамогу. Калі бацькі спозняцца і пададуць заяўку пасля 30 чэрвеня, то выраўнання яны не атрымаюць.

Прэс-сакратар Ведамства сацыяльнага страхавання адзначыў, што ведамства ўжо пачало выплачваць сродкі ў рамках новага разліковага перыяду:

- Першая выплата ў памеры больш за паў мільярда злотых была пералічана напрыканцы траўня. У апошнюю пятніцу бацькі атрымалі наступныя 1,5 мільярда злотых. Гэта значыць, што Ведамства сацыяльнага страхавання ўжо выплаціла больш за 2 мільярды злотых у рамках новага разліковага перыяду.

Да гэтага часу Ведамства сацыяльнага страхавання атрымала больш за 4 мільёны 170 тысяч заявак на больш чым 6,5 мільёна дзяцей. Сродкі атрымаюць больш за 5 мільёнаў 860 тысяч з іх.

Заяўку на атрыманне дапамогі можна падаць праз бясплатны дадатак mZUS, электронны банкінг, платформу электронных паслугаў – PUE ZUS, а таксама праз партал Emp@tia.

Нагадваем, сродкі ў памеры 800 злотых (больш за 185,5 еўра) можа атрымаць на кожнае дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, незалежна ад даходу сямʼі. З 1 студзеня 2024 года памер дапамогі быў павялічаны з 500 да 800 злотых. Грошы пералічваюцца толькі ў безнаяўным выглядзе на банкаўскі рахунак бацькоў або апекуноў.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Рэзкае падзенне долі крэдытаў у Польшчы непакоіць эканамістаў

10.06.2024 12:00
Яны асцерагаюцца, што згаданая сітуацыя можа пагражаць дынаміцы эканамічнага росту ў краіне.