Беларуская Служба

Імігранты дапоўняць, а не запоўняць рынак працы ў Польшчы

29.08.2024 14:20
Дзякуючы замежным рабочым польская эканоміка ў апошнія гады развівалася хутчэй.
Праца ў офісеFree-Photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Іх прыток павінен яшчэ больш павялічыць тэмпы росту ВУП – піша ў чацвер выданне „Rzeczpospolita”.

«Міграцыя, а асабліва рост эканамічных імігрантаў у апошнія гады, значна падтрымлівае рост польскай эканомікі, забяспечваючы бесперапыннасць вытворчасці і паслуг таксама ў непрацоўныя дні і святы», - цытуе газета эканамістку, аўтарку даклада пра значэнне міграцыі для эканамічнага развіцця Польшчы Агнешку Кулесу.

Як піша “Rz”, паводле Цэнтру сацыяльна-эканамічнага аналізу, замежныя працаўнікі запаўняюць кадравыя прабелы ў транспарце і лагістыцы, прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, у 2015–2023 гадах яны дадалі 2,3% да росту польскага ВУП - у сярэднім на 0,24 працэнтныя пункты штогод.

Штодзённік мяркуе, што ў бліжэйшыя гады, калі дэмаграфічныя змены ў Польшчы хутка паўплываюць на змяншэнне колькасці мясцовых кандыдатаў на працу (людзей працаздольнага ўзросту), станоўчы ўплыў эканамічных імігрантаў з-за межаў Еўрасаюзу павінен быць яшчэ большым.

«Як нагадала Кулеса, за апошнія тры гады колькасць замежнікаў з дазволам на працу ў Польшчы вырасла амаль у два разы (да больш чым 1,5 мільёна ў чацвёртым квартале мінулага года). У сваю чаргу, на канец чэрвеня на ўліку Установы сацыяльнага страхавання знаходзілася амаль 1,2 мільёна замежнікаў», — чытаем у выданні.

ав