Беларуская Служба

Замежныя студэнты не змогуць працаваць у Польшчы без дазволу. Гэта вынік візавага скандалу

03.10.2024 12:53
Міністэрства замежных справаў хоча, сярод іншага, спыніць практыку злоўжывання прыёмам на вучобу і атрыманнем студэнцкай візы замежнікамі.
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/Yasemin Yurtman Candemir

Прапанаваная Міністэрствам замежных спраў рэформа візавай сістэмы зменшыць колькасць замежнікаў, якія навучаюцца ў Польшчы. Гэта таксама паўплывае на прысутнасць гэтых людзей на рынку працы, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Выданне паведамляе, што замежнікам са статусам студэнтаў трэба будзе атрымаць дазвол на працу (сёння яны могуць працаваць на падставе віду на жыхарства).

«Гэтая прапанова заслугоўвае жорсткай крытыкі. Няма апраўданняў для пазбаўлення сумленных студэнтаў іх цяперашняга права працаваць без дазволу на працу», — гаворыць Караліна Шыфтэр (Karolina Schiffter), адвакат, партнёр PCS | Littler.

Аўтар тэксту так ацэньвае праект закона аб унясенні змяненняў у некаторыя законы ў мэтах ліквідацыі парушэнняў у польскай візавай сістэме, прадстаўлены МЗС як адказ на візавы скандал: «выклікае здзіўленне ў некалькіх аспектах».

Акрамя рашэнняў, накіраваных на выпраўленне польскай візавай сістэмы, у праекце МЗС ёсць яшчэ «некалькі новых ідэй», якія могуць перашкодзіць дзейнасці працадаўцаў, якія працаўладкоўваюць замежнікаў. У тым ліку змены, накіраваныя на абмежаванне колькасці студэнтаў з трэціх краін на польскім рынку працы — Міністэрства замежных справаў хоча, сярод іншага, спыніць практыку злоўжывання лёгкім наборам на вучобу і атрыманнем студэнцкай візы замежнікамі, якія ўяжджаюць у Польшчу не для вучобы, а для працы або эміграцыі ў іншыя краіны Шэнгенскай зоны.

Мы неаднаразова пісалі пра тое, што Польшча змагаецца з дэмаграфічнымі праблемамі,  эканамічнай эміграцыяй палякаў праз прыцягненне ў краіну замежнікаў.  Але патэнцыйныя новаўвядзенні супярэчаць гэтай палітыцы.

вх