Беларуская Служба

Амаль 46 адсоткаў палякаў маюць намер скараціць выдаткі на Пасху ў параўнанні з мінулым годам

15.04.2025 11:12
Сярод спажыўцоў усё яшчэ існуе вялікая няўпэўненасць.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPhoto:Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ці палякі ўсё мацней зацягваюць паясы? Згодна справаздачы пад загалоўкам «Выдаткі палякаў на святы. Вялікдзень 2025», суаўтарам якой з'яўляецца інтэнет-сервіс Shopfully, 45,8% жыхароў Польшчы плануюць скараціць свае святочныя выдаткі ў параўнанні з мінулым годам - паведамляе Forsal.pl.

«Гэта адбываецца насуперак фактычнай сітуацыі, бо даходы палякаў растуць. Гэта датычыцца большасці спажыўцоў, але не ўсіх», — каментуе Анджэй Фаліньскі (Andrzej Faliński), былы шматгадовы генеральны дырэктар Польскай арганізацыі гандлю і дыстрыбуцыі. Больш за тое, гандаль, у відавочнай цэнавай вайне гігантаў, прыстасоўваецца да больш сціпла жывучай часткі грамадства. 

Паводле слоў Роберта Бегая (Robert Biegaj), эксперта па рознічным рынку з Shopfully, вышэйзгаданы вынік сведчыць аб тым, што сярод спажыўцоў усё яшчэ існуе вялікая няўпэўненасць.

«Палякі бачаць, што цэны, асабліва на прадукты харчавання, пастаянна растуць. І гэта прымушае людзей праяўляць асцярожнасць», — кажа Бегай.

У аналагічным даследаванні, праведзеным у мінулым годзе, амаль 53 адсоткі спажыўцоў заявілі, што абмяжуюць выдаткі на Вялікдзень у параўнанні з 2022 годам. Такім чынам, сітуацыя палепшылася. Варта таксама дадаць, што ў часы высокай інфляцыі палякі вельмі стаміліся зацягваць паясы, асабліва перад святамі. Пры гэтым, кожны другі паляк усё ж такі імкнецца на чымсьці зэканоміць. І гэта паказвае, што ў нас тут усё яшчэ ёсць праблема, — падкрэслівае эксперт з Shopfully.

«Палякі эканомяць не толькі па прывычцы, набытай падчас пандэміі і высокай інфляцыі, але і ў значнай ступені з-за цяперашняй фінансавай сітуацыі. Акрамя таго, спажыўцы перакананыя, што цэны могуць працягнуць расці непасрэдна перад святамі. Фактычна, такі сцэнарый ужо заўважаем у крамах. У сакавіку і пачатку красавіка тавары ў гандлёвых сетках зноў падаражэлі, і рост цэн дакладна не спыніцца да Вялікадня», - дадае Роберт Бегай.

У справаздачы таксама гаворыцца, што 34,9% суайчыннікаў не маюць намеру абмяжоўваць выдаткі на Вялікдзень у параўнанні з мінулым годам. У сваю чаргу, 9,8% спажыўцоў пакуль не ведаюць, як яны будуць кіраваць сваім велікодным бюджэтам. У той час як 9,5% палякаў не могуць вызначыцца з гэтым пытаннем. – Больш заможная частка грамадства павольней скарачае свае выдаткі, што не азначае, што яны гэтага зусім не робяць. У выпадку заможных людзей абмежаванне датычыць не прадуктаў для каляднага стала, а, напрыклад, прадметаў раскошы, - аналізуе Фалінскі.

Удзельнікі апытання таксама адказалі, у якіх галінах яны маюць намер скараціць свае выдаткі. 38,8 працэнта рэспандэнтаў згадалі алкагольныя напоі. Варта нагадаць, што ў мінулым годзе найбольш часта згадваліся харчовыя тавары.

нг