Беларуская Служба

Польскія выданні на першых палосах інфармуюць пра адстаўку спікера Сейму

09.08.2019 13:42
Палітык лятаў на ўрадавым самалёце, забіраючы з сабой між іншым чальцоў сваёй сям’і. Гэта выклікала скандал.
Marek Kuchciński
Marek Kuchciński PAP/Marcin Obara

Практычна ўсе выданні на першых палосах інфармуюць пра адстаўку спікера Сейму (ніжэйшай палаты парламенту) Польшчы Марэка Кухціньскага. Адстаўка стала вынікам скандалу, звязанага з афіцыйнымі пералётамі палітыка, які лятаў на ўрадавым самалёце, забіраючы з сабой між іншым чальцоў сваёй сям’і.

"Спікер прызямліўся" – піша «Rzeczpospolita», а «Gazeta Wyborcza» назвала артыкул «Кухціньскі паляцеў». У сваю чаргу інтэрнэт-выданне Niezalezna.pl адзначае, што вельмі важны ў дадзенай сітуцыі палітычны кантэкст, набліжэнне парламенцкіх выбараў у краіне. «Спадару маршалу неабходна падзякаваць за яго рашэнне, ён паступіў слушна», – піша публіцыст Адрыян Станкоўскі.

Кухціньскі заявіў пра адстаўку ўчора на прэс-канферэнцыі, на якой прысутнічаў таксама старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі. Ён адзначыў, што Кухціньскі не парушыў законаў дзяржавы, а яго рашэнне з’яўляецца вынікам пазіцыі ПіС, паколькі партыя паступае згодна лозунгу «Слухаць палякаў і служыць Польшчы». Старшыня партыі казаў таксама, што неўзабаве будзе падрыхтаваны законапраект, у якім дакладна будзе акрэслена, хто і ў якіх абставінах можа лятаць на ўрадавых самалётах. І дадаў, што Дональд Туск з апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы», будучы прэм’ер-міністрам, лятаў 281 раз у Гданьск, пабываў таксама на ўрадавым самалёце ў краінах, якія лічацца прывабнымі з пункту гледжання турызму, і лятаў туды з жонкаю.

Публіцыст каментуе, што жонка спікера павінна мець права лятаць з ім на самалёце, паколькі яна таксама ў нейкай ступені з’яўляецца дзяржаўнай асобай, часам суправаджае мужа ў афіцыйных паездках, не атрымліваючы за гэта ніякай заплаты. З іншага боку, калі палітыкі кіроўнай партыі абмяжуюць самі сабе магчымасць карыстацца такімі палётамі, то тое ж самае павінна датычыць палітыкаў апазіцыі і прадстаўнікоў муніцыпальных уладаў.

нг

Больш на гэтую тэму: Сейм