Выданні пішуць пра адстаўку старшыні Сейму (ніжэйшай палаты парламенту) Марэка Кухціньскага. Адмова ад пасады была звязана са скандальнымі пералётамі спікера на ўрадавых самалётах. Dziennik Gazeta Prawna прыводзіць дадзеныя аб стаўленні палякаў да гэтага скандалу. 67% апытаных заявіла, што яны асуджаюць паводзіны маршала, спосаб карыстання самалётамі. Пры гэтым больш за 60% удзельнікаў анкеты адзначыла, што адстаўка – гэта мала. Палякі хочуць ведаць больш, а скандал тэарэтычна можа панізіць выбарчы вынік партыі. Найгоршае нават не тое, што старшыня забіраў з сабой у падарожжы розных пасажыраў – як членаў сваёй сям’і, так і партыйных калег, але тое, што на пачатку, калі справа паявілася ў СМІ, афіцыйныя органы паведамлялі несапраўдную інфармацыю, што вельмі раздражніла людзей.
У сваю чаргу Rzeczpospolita друкуе вынікі свайго анкетавання, якое сведчыць аб тым, што пасля «авіяцыйнага» скандалу ПіС не страціла папулярнасці. Паводле апошняга апытання, праведзенага сацыялагічнай майстэрняй IBRIS, на парламенцкіх выбарах (яны адбудуцца 13 кастрычніка) кіроўная групоўка можа атрымаць 41,2% галасоў. Гэта падобны вынік, як паводле апытання ў ліпені. У пераліку на мандаты ПіС можа разлічаць на самастойнае кіраванне дзяржавай – партыя атрымае месцы для 243 дэпутатаў. У польскім Сейме засядае 460 дэпутатаў.
нг