У звязку з гэтым праводзяцца даследаванні ды распрацоўваецца ўрадавая дэмаграфічная стратэгія.
Апошнія гады Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы б'е трывогу ў звязку з пагаршэннем дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Гэта звязана з негатыўным натуральным прыростам, калі колькасць народжаных не перавышае колькасці памерлых. Да таго ж, польскага грамадства старэе, а моладзь эмігруе.
У выніку за апошнія два гады насельніцтва Польшчы зменшылася больш чым на 50 тысяч чалавек - да 38366 тысяч. Паводле прагнозаў, да 2040-га года насельніцтва Польшчы паменшыцца на 2,8 мільёны чалавека. Таксама набірае абароты старэнне польскага грамадства. Сёння індэкс старасці ў Польшчы складае 115, а два гады таму быў 112.
Гэтыя лічбы азначаюць, што на 100 унукаў прыпадае 115 «дзядуляў і бабуляў».
Ведамства папярэджвае, што краіне патрэбны дэмаграфічны рост ды аднаўленне пакаленняў. Дзеля гэтага патрэбны больш высокі індэкс нараджальнасці. На кожныя 100 жанчын ва ўзросце 15-49 год павінна прыпадаць 210-215 дзяцей. Сёння гэты паказнік складае 143.
Дадзеная сітуацыя выклікае занепакаенне ўрада Польшчы. Пры канцы лістапада Рада міністраў прыняла распараджэнне аб падрыхтоўцы ўрадавай дэмаграфічнай стратэгіі з мэтай павялічыць нараджальнасць дзяцей і папулярызацыі традыцыйнай сям’і. Дзеля гэтага ўрад рыхтуе сурʼёзныя даследаванні, распавяла Польскаму радыё міністр сям’і, працы ды сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.
- Будуць праведзеныя прафесійныя даследаванні, якія пакажуць, якія чыннікі могуць паспрыяць таму, каб моладзь рашалася заводзіць больш дзяцей.
Урад хоча, каб стратэгія абапіралася на дакладны дыягназ сітуацыі, і ўключала міжсектарную праграму дзеянняў. Гэта тлумачыцца тым, што сямейная палітыка ёсць інвестыцыяй у будучыню, што пацвярджае праграма датацыяў на дзяцей 500+. Гэта павінна дапамагчы Польшчы выйсці з цяжкай дэмаграфічнай сітуацыі, перакананая міністр.
- Гэтая інвестыцыя аплаціцца, бо мы інвестуем у нашую будучыню, каб выйсці з дэмаграфічнай пасткі. Што з таго, што мы будуем школы, прыгожыя садкі ды яслі, калі яны будуць стаяць пустыя праз некаторы час. Хто будзе працаваць на нашу пенсію? Таму інвестыцыі ў сямʼю, стварэнне ўмоваў, каб нараджалася больш дзяцей, – гэта наш абавязак. Дзяржава павінна ствараць такія ўмовы.
Польская чыноўніца зазначыла, што ўрад рыхтуе новыя сямейныя праграмы, у тым ліку па дапамозе маці вярнуцца на рынак працы пасля дэкрэтнага адпачынку, дадатковыя льготы для семʼяў з трыма і больш дзецьмі ды іншыя.
У рамках сямейнай палітыкі ўрад плануе не толькі павысіць нараджальнасць, але і забяспечыць годную старасць для пенсіянераў. У звязку з гэтым у красавіку ў Польшчы ўсім пенсіянерам заплацяць так званую 13-ую пенсію. Ужо падрыхтаваны адпаведны законапраект, які ўнесены на разгляд Сейму, кажа Марлена Малёнг.
- Ня трэба будзе ніякіх заяваў падаваць. Сума выплат будзе разлічвацца на ўзроўні мінімальнай пенсіі, то бок 1200 злотых. Такую мінімальную пенсію мы запланавалі на 2020-ы год. Закон гатовы, будзе разглядацца ў Сейме, а ў красавіку пачнем выплачваць гэтыя пенсіі людзям.
Каб забяспечыць больш эфектыўную рэалізацыю сямейнай палітыкі, урад Польшчы стварыў упершыню адмысловую пасаду – паўнамоцнага прадстаўніка ўраду па справах дэмаграфічнай палітыкі. Гэта ўсё робіцца, каб павысіць нараджальнасць у краіне, каб павялічыць колькасць працоўных рук, а не толькі пенсіянераў.
Юры Ліхтаровіч