У дадатку выдання Gazeta Wyborcza, прысвечаным гісторыі, вялікае інтэрв’ю з прафесарам гісторыі Мікалаем Івановым, былым савецкім дысідэнтам беларускага паходжання. Гаворка ідзе, між іншым, пра апошнія абвінавачанні з вуснаў Уладзіміра Пуціна, што Польшча была саюзнікам фашысцкай Германіі і падтрымлівала праект Гітлера па знішчэнню габрэяў.
Іваноў адзначае, што Пуцін не прыдумаў гэтага самастойна. Ён – выдатны палітык, але ў яго цэлая армія дарадчыкаў ды адпаведных устаноў. Яны вырашылі ўдарыць у самы чуллівы пункт Польшчы – антысемітызм. А Пуцін сам з’яўляецца вялікім сябрам Ізраіля, што падкрэслівае на кожным кроку. Дарэчы, гэта першы расійскі палітык, які адкрыта дэманструе сваю любоў да габрэяў. Дагэтуль уладныя структуры ў Расіі былі хутчэй антысеміцкімі.
Пуцін на працягу гадзіны разважаў пра польскі антысемітызм. Гэтае выступленне было напісана, зразумела, не для вушэй палякаў ці жыхароў іншых краін Еўропы, а для саміх расіян. Словы Пуціна прагучалі ва ўсіх галоўных выданнях навін, на фоне карцінак знішчэння помнікаў Савецкай Арміі ў Польшчы. Звычайны чалавек у Расіі не разумее, што для палякаў гэта былі сімвалы новай акупацыі. І што ваенных могілак ніхто не парушыў, яны далей існуюць, пра іх клапоцяцца ўлады і жыхары. І гэта трэба паказваць расіянам – падкрэслівае Іваноў.
Ён дадае, што Пуцін будуе новую ідэалогію для ўнутранага карыстання, якая базуе на легендзе перамогі ў Вялікай айчыннай вайне. Сітуацыя ў Расіі цяжкая, не ўдаецца закончыць будаўніцтва газаправоду Паўночны паток 2, Пуцін не спраўляецца з новым, нявопытным прэзідэнтам Украіны, сварыцца з Беларуссю. Трэба было даць расіянам нешта ўзамен.
Бэата Мацееўска/нг