Беларуская Служба

22 лютага 1946 году амерыканскі амбасадар у СССР адправіў у Вашынгтон «доўгую тэлеграму» № 511

22.02.2020 11:12
Джордж Кэнан першым звярнуў увагу на неабходнасць стрымання савецкай экспансіі ў свеце.
Аўдыё
  • 22 лютага 1946 году амерыканскі амбасадар у СССР адправіў сваі кіраўнікам «доўгую тэлеграму» № 511.
George F. Kennan 1947
George F. Kennan 1947Public Domain

Джордж Кэнан першым сфармуляваў амерыканскую стратэгію стрымання.

Стратэгія стрымання была першым сур’ёзным геапалітычным падыходам ЗША да палітыкі СССР пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны.

Джордж Кэнан з 1944 году быў амерыканскім амбасадарам у СССР і даволі крытычна адносіўся да савецкай палітычнай сістэмы, а таксама да амерыканскага аптымізму ў дачыненні да Савецкага Саюзу.

У 1946 годзе амерыканскае Міністэрства Скарбу запытала амерыканскую амбасаду, чаму Масква не падтрымлівае створаны Сусветны Банк і Міжнародны Валютны Фонд. У адказ Кэнан напісаў сваё меркаванне наконт СССР, якое атрымала назву «Доўгая тэлеграма». Вашынгтон атрымаў яе 22 лютага.

У гэтай «Доўгай тэлеграме» было прадстаўлена становішча, якоя і паклала асновы амерыканскай палітыкі халоднай вайны.

У першай частцы тэлеграмы былі прадстаўленыя асноўныя погляды на палітыку СССР. Па-першае, СССР накіроўваецца ў бок сталай вайны з капіталізмам і будзе ствараць умовы для варожасці паміж рознымі краінамі і сацыяльнымі групамі, каб падарваць стабільнасць і распаўсюдзіць свае ўплывы; па-другое, будзе выкарыстоўваць кантралюемых марксістаў у капіталістычным свеце як саюзнікаў; па-трэцяе, Савецкі Саюз будзе распаўсюджваць свой уплыў на краіны 3-га свету, якія вызваліліся з каланіяльнай залежнасці; па-чацвёртае, савецкая агрэсія ў сваіх падставах не завязана з поглядамі савецкіх грамадзянаў ці эканамічнымі рэаліямі, але яе карані ляжаць у гісторыі расійскага нацыяналізму і неўрозу палітыкаў.

На думку Кэнана, для Савецкага Саюзу мірнае суіснаванне з капіталістычным светам не магчыма. Разам з гэтым, амерыканскі амбасадар раскрываў слабасці савецкай імперыі і прапаноўваў ЗША адпаведную стратэгію, якая б магла стаць сур’ёзным выклікам для СССР без шырокага вайсковага канфлікту. Кэнан сцвярджаў, што ў параўнанні з Заходнім светам Савецкі Саюз вельмі слабы і ўразлівы на ўнутраную нестабільнасць.

Злучаныя Штаты павінны распрацаваць доўгатэрміновую стратэгію, якая будзе абапірацца на «стрыманне», таксама праз дэманстрацыю сілы, і не дазволіць СССР выйсці па-за межы сваёй сферы ўплыву.

Але асноўнае, што падкрэсліў Кэнан, гэта неабходнасць вырашыць сацыяльныя і эканамічныя праблемы Захаду, каб Масква не змагла іх выкарыстаць для дэстабілізацыі ЗША і Захаду.
Гэтая тэлеграма мела шырокі ўплыў на фарміраванне знешнепалітычнай стратэгіі ЗША і ўнутранай палітыкі на доўгія гады.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара