Беларуская Служба

«Ёсць пэўныя лініі, праз якія Лукашэнка не можа прайсці»

26.02.2020 20:08
«Нягледзячы на ціск Крамля, Лукашэнка не робіць нічога, каб затрымаць працэс інтэграцыі: замарозіць Саюзную дзяржаву, паставіць мяжу, знайсці іншых геастратэгічных партнёраў». 
Аўдыё
  • Ёсць пэўныя лініі, праз якія Лукашэнка не можа прайсці
Павал Усаўradyjo.net

У Інтэрнэце з’явіліся публікацыі, у якіх гаворыцца аб тым, што Крэмль шукае кім замяніць Аляксандра Лукашэнку. Называюцца два прозвішчы пераемніка першага віцэ-прэм’ера Д.Крутога і былога кіраўніка Савета Рэспублікі М. Мясніковіча. Як ацаніць гэтую інфармацыю, ці трэба да яе ставіцца сур’ёзна ці гэта чарговы фейкнюс?

Для праграмы«Палітычнае люстэрка» каментуе незалежны палітычны аглядальнік кандыдат паліталогіі Павал Усаў:

- Безумоўна гэта элемент інфармацыйнай вайны, якую зараз даволі актыўна вядуць расійскія СМІ, гэта таксама элемент псіхалагічнага ціску на Лукашэнку. Не ў першыню з’яўляюцца такія ўкіданні. Яшчэ ў 2019 годзе таксама пісалі, што з Лукашэнкам немагчыма дамовіцца, што ён з’яўляецца тормазам інтэграцыйгных працэсаў і што для большага камфорту Расіі трэба шукаць іншага кіраўніка Беларусі, каб рэалізаваць свае планы. Канешне трэба сур’ёзна адносіцца да таго, што робіць Расія ў межах інфармацыйнай палітыкі, а з іншага боку адзначым, што ўсё гэта робіцца напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, каб такім чынам стварыць унутрыпалітычную напружанасць у Беларусі і прымусіць Лукашэнку да пэўных саступак.

Лукашэнка, як кіраўнік краіны, стрымлівае працэс паглыблення інтэграцыі, бо ўсе праграмы мінімум, якія датычаць інтэграцыі Беларусі і Расіі, выкананы. Таму ў дадзеным кантэксце Лукашэнка рэалізуе геапалітычныя інтарэсы і чаканні Крамля. Пры Лукашэнцы Беларусь не стане ні ліберальнай ні дэмакратычнай краінай, тым больш не будзе рухацца ў бок Захаду.

Чаму Уладзімір Пуцін не ў сілах прымусіць Аляксандра Лукашэнку да дзеянняў, якіх чакае расійскі прэзідэнт?

- Ёсць пэўныя лініі, праз якія Лукашэнка не можа прайсці, бо гэта ставіць пад сумнеў суцэльнасць і захаванне ягонай улады. Гутарка вядзецца пра паглыбленне інтэграцыі. Саюз Беларусі і Расіі нікуды не дзеўся, адкрытая мяжа Беларусі з Расіяй нідзе не дзелася, інтэграцыйныя працэсы ў сферы бяспекі і арміі працягваюць ажыццяўляцца. Дзіўна было б чакаць ад Лукашэнкі іншай рэакцыі. Але нягледзячы на ціск з боку Крамля, ён не робіць нічога, каб затрымаць працэс інтэграцыі: замарозіць Саюзную дзяржаву, паставіць мяжу, знайсці іншых геастратэгічных партнёраў. Ён добра разумее, што без Расіі ягоная ўладу пахіснецца. Аднак Лукашэнку прыйдзецца саступіць, каб выжыць.

Расіі не аплочваецца выкарыстоўваць наўпроставы ваенны ціск, як гэта было ў выпадку Грузіі ці Украіны. Пакуль Масква намагаецца выкарыстаць інфарамацыйна-энергетычны ціск і аслабіць эканоміку, але не разбураць яе, бо потым аднаўляць беларускую гаспадарку было б значна даражэй, чым падтрымліваць вось такую загніваючую гаспадарку, якую можна будзе без асобага высілку прыдбаць ці прыватызаваць.

Беларусь рыхтуе да запуску астравецкую АЭС. Яна, у прынцыпе, ужо гатовая да падключэння да энергетычнай сістэмы краіны. Ці гэтая электрастанцыя можа зменшыць у значнай меры энергетычную незалежнасць ад Расіі?

- Калі мы дэталёва паглядзім на гэтую АЭС, можам упэўнена сказаць, што НЕ. Па-першае станцыя будуецца Расіяй і за расійскія грошы. Беларусь павінна аддаць Расіі крэдыт у памеры дзесяці мільярдаў долараў, паліва і абслугоўванне гэтай станцыі расійскае і расійскія кампаніі будуць мець права прадаваць акрэслены адсотак паліва той энергіі, якая будзе выпрацоўвацца на гэтай станцыі на сваю карысць. Будуючы гэтую станцыю, Беларусь яшчэ больш звязвае сябе з Расіяй.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка