Прадстаўнік Сусветнай арганізацыі па ахове здароўя даў у Мінску прэс-канферэнцыю. Прэзідэнцкія СМІ сказілі яе сэнс. Галоўнае, што сказаў замежны ўрач: «Наперадзе будзе горш па захворваннях. Трэба адмяніць усе масавыя мерапрыемствы. А гэта значыць адмяніць набажэнсты ў цэрквах, спартовыя гульні, парад. Дзяржаўнае агенцтва БелТА і «СБ» далі слова італьянскаму шарлатану-антывакцыністу, ён выказваўся і супраць каранціну, і супраць лекаў. На радзіме асацыяцыя ўрачоў падала ў пракуратуру на «прапагандыста смерці». А на БТ ён «прафесар», хаця не мае ніякай навуковай ступені.
Лукашэнка дэманструе намер рабіць усё насуперак рэкамендацыям СААЗ. Кажа, што пойдзе ў царкву ставіць свечку, дэманстраваў па БТ радасць перамогі ў хакейным турніры. А парад і не думае адмяняць. Хаця Пуцін па просьбе ветэранаў перанёс парад.
У вайскоўца з вучэбнага цэнтра ў Пячах тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. Як распавяла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Наталля Гаўрусік, ён знаходзіцца ў Галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры ў Мінску. А ягоных саслужыўцаў вывезлі ў палатачны гарадок на палігон. У войсках МУС таксама знайшлі інфікаванага каранавірусам.
Мітрапаліт Павал звярнуўся да праваслаўных вернікаў, каб яны на Уваскрасенне Хрыстова маліліся дома і не хадзілі ў цэрквы. Цікава, як тую царкву будуць дэзынфікаваць перад візітам Лукашэнкі, і як будуць правяраць вернікаў і святароў на каранавірус. Думаю, што і сына Колю ён пацягне туды, як калісьці пасля выбуху ў метро прывёў яго проста на месца крыві і крушні з кавалкаў бетону.
Весь тыдзень БТ паказвала сюжэты пра тое, як тысячы людзей шыюць маскі для ўрачоў і хворых для абароны ад каранавіруса. Шылі прафесійныя швачкі і студэнткі. З тэлескрыняў гучалі хваласпевы працоўнаму парыву і подзвігу асобаў, якія працуюць ад усходу сонца да заходу. Сярод швачак хадзілі чыноўнікі вышэйшага рангу і станоўча ацэньвалі працу маскаробаў. Яны заклікалі наладзіць працу 24 гадзіны ў суткі.
А вось Генпракуратура загадала кіраўніцтву «Беллегпраму» і міністру Караніку спыніць выпуск звычайных марлевых масак без фільтруючага элемента, якія да гэтага пастаўляліся, напрыклад, у 6-ю гарадскую клінічную бальніцу, што прымае хворых на каранавірус і людзей 1-га кантакту, а таксама ў аптэчную рознічную сетку. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Нехта».
Справа ў тым, што гэтыя маскі абсалютна не даюць неабходнай абароны пры распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі, паведамляе пракуратура ў сваім лісце. Па ацэнках эпідэміёлагаў, эфектыўнасць такіх вырабаў не перавышае і 10%.
Таму пракуратура просіць канцэрн «Беллегпрам» улічыць міжнародныя стандарты і наладзіць выпуск масак з выкарыстаннем фільтраў бактэрыялагічнага бар'еру.
Нагадаю, што калі вы захочаце мець сапраўдную маску-респіратар, тады звярніце ўвагу на міжнародную характарыстыку FFP3 – такі рэспіратар дае 95% фільтрацыі шкодных рэчываў. Такія рэспіратары больш месяца таму раскупілі ў Мінску замежнікі.
Мінгарвыканкам, які вырашыў дапамагчы сталічным медыкам з жыллём, харчаваннем і дастаўкай на працу, даў ім для пражывання яшчэ адну гасцініцу. Першы гатэль, выдзелены мэрыяй яшчэ на мінулым тыдні, запоўнены ўжо на 68%, піша Tut.by. Але Лукашэнка покуль не прапануе свае рэзідэнцыі для ўрачоў.
Партыйны сайт КХП-БНФ апублікаваў зварот свайго кіраўніка Зянона Пазняка. У звароце Пазняк выказаў свае меркаванні пра сітуацыю з каранавірусам у свеце і Беларусі.
Пазняк мяркуе, што па сваіх разбуральных выніках і магчымай катастрафічнай перспектыве аналогія цяперашняй сітуацыі з Трэцяй сусветнай вайной даволі рацыянальная. «Ёсць пагроза ўсяму чалавецтву. Вынік прадказальны, але рэальна невядомы. Ворагам людства стаў мікрасвет, нябачныя малекулы незразумелага віруса», – піша Пазняк. Усё гэта агулам адносіцца і да Беларусі. Але палітык мяркуе, што вынікі разбурэння ад эпідэміі COVID-19 тут могуць стацца катастрафічнымі. Пазняк піша, што нацыя без нацыянальна-культурнага імунітэту не выжывае.
«Ці можна дзесьці ў Беларусі здаць тэст на COVID-19 «па жаданні», хоць і на платнай аснове? Адказвае прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун: «Не, цяпер няма такой магчымасці. Але праз 7–10 дзён, магчыма, будзе дадзены дазвол на магчымасць здачы экспрэс-тэсту».