Стварэнне і развіццё ўкраінскіх грамадскіх арганізацыяў, распаўсюд украінскай мовы і ўзмацненне ўкраінскай культуры на землях сучаснай Украіны, якая ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі пад назвай Маларосія, прывяло да рэзкай рэакцыі імперскіх уладаў.
У 1875 годзе цар Аляксандр ІІ стварыў адмысловую камісію «дзеля выпрацоўкі мераў па барацьбе з украінафільскай дзейнасцю», якая знаходзілася пад кантролем ІІІ упраўлення, якое займалася палітычным следствам і цэнзурай. Перасцярогу расійскіх уладаў таксама выклікаў ліст Міхаіла Юзафовіча, намесніка старшыні Кіеўскай Вучэбнай акругі, які пісаў, што ўкраінцы патрабуюць незалежнасці ў форме рэспублікі на чале з гетманам.
Камісіі таксама быў прадстаўлены пераклад «Тараса Бульбы» на ўкраінскую мову, у якім былі выкінутыя словы «руская зямля», «рускія» і заменены «ўкраінцы», «украінская зямля», а напрыканцы абвяшчалася прароцтва пра незалежнасць і ўкраінскага Цара.
30 траўня 1876 году, Аляксандр ІІ, які знаходзіўся на адпачынку ў Нямеччыне ў горадзе Бад-Эмс, падпісаў загад, які і атрымаў назву Эмскі. Згодна з ім забаранялася:
- Увозіць на тэрыторыю Расійскай імперыі кнігі на ўкраінскай мове без адмысловага дазволу;
- Ставіць украінскія тэатральныя пастаноўкі і друкаваць ноты з украінскімі тэкстамі;
- Друкаваць любыя кнігі на ўкраінскай мове;
- Арганізоўваць канцэрты з украінскімі песнямі;
- Выкладаць на ўкраінскай мове ў пачатковых школах.
Мясцовай адміністрацыі загадвалася ўзмоцніць кантроль у тым ліку за школамі, а з бібліятэк прыбраць кнігі на ўкраінскай мове.
Па краіне пракацілася хваля культурных рэпрэсіяў. Былі зачынены амаль усе ўкраінскія суполкі, а з універсітэтаў выключаны найбольш уплывовыя ўкраінскія выкладчыкі.
Сваю дзейнасць Эмскі ўказ прыпыніў толькі ў 1905 годзе.
Згодна з меркаваннямі розных даследчыкаў, прымусовая русіфікацыя на цэнтральных і ўсходніх землях Украіны прычынілася да фарміравання нацыянальнага цэнтру ў Галіцыі, якая ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Галіцыя па сённяшні дзень застаецца галоўнай базай украінскага адраджэння і дзяржаўнасці.
Павал Усаў