Беларуская Служба

Павал Усаў: Улады падкрэсліваюць бяссільнасць грамадства

01.07.2020 12:48
Аўдыё
  • Павал Усаў: Улады падкрэсліваюць бяссільнасць грамадства
Лукашэнка ў РжэвеPAP/EPA/MICHAEL KLIMENTYEV/SPUTNIK/KREMLIN POOL / POOL

Відавочна, што ўлады не збіраюцца рэгістраваць асноўных альтэрнатыўных кандыдатаў – гаворыць палітолаг Павал Усаў, каментуючы непрызнанне подпісаў за супернікаў Лукашэнкі.

- Яны выклікалі ажыятаж і велізарную мабілізацыю супраць Лукашэнкі. Стала зразумелым, што далей дапускаць іх да ўдзелу ў кампаніі азначае стварэнне яшчэ большай унутранай напружанасці, якая можа прывесці да непрадказальных вынікаў, магчыма, нават да пратэсту. З аднаго боку, улады дзейнічалі згодна са сваёй логікай: максімальны кантроль і зачыстка палітычнай прасторы. Таму было прынята рашэнне фармальна бракаваць подпісы. Гэта робіцца таксама дзеля таго, каб не проста не зарэгістраваць, а паказаць, што за гэтай масавай падтрымкай (а ў Бабарыкі было здадзена больш за 400 тысяч подпісаў) стаіць не рэальная падтрымка, а нейкія фіктыўныя подпісы. Гэта таксама моцны ўдар па грамадству. Улады паказваюць, што ўсцяж могуць кантраляваць палітычныя працэсы, што Лукашэнка любымі метадамі будзе захоўваць уладу, а апаненты і хваля грамадскасці нічога з гэтым не можа зрабіць. Улады падкрэсліваюць іх бяссільнасць. З другога боку, мы бачым, што штабы Цэпкалы і Бабарыкі псіхічна паралізаваныя, не ведаюць, што ў дадзенай сітуацыі рабіць. Яны не гатовы да радыкальных заклікаў, каб грамадства выйшла на пратэст. Гэтая пасіўнасць сведчыць аб тым, што ўлады кантралююць сітуацыю і не дапусцяць працэсу радыкалізацыі, хоць сам гэты працэс, безумоўна, можа быць стыхійным і больш сімвалічным, як выказванне грамадствам сваёй нязгоды.

У далучаным гукавым файле каментар да інфармацыйнай атакі на Цэпкалу і паездкі Лукашэнкі ў Расію.

слухайце аўдыё



Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка