Беларуская Служба

Дзень (не)рэгістрацыі кандыдатаў закончыўся затрыманнямі людзей, якія выйшлі на стыхійныя, але мірныя пратэсты

15.07.2020 11:30
Палітолаг Павал Усаў: Улады не чакалі такой самаарганізацыі грамадзян, для іх гэта працяг шокавых удараў па сістэме.
Аўдыё
  • Улады не чакалі такой самаарганізацыі ўладаў. Для іх гэта працяг шокавых удараў па сістэме.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» толькі ў Мінску затрымалі каля 220 чалавек, інфармацыя можа быць няпоўнай. Да гэтага трэба дадаць некалькі дзясяткаў чалавек у рэгіёнах.

Палітолаг Павал Усаў кажа, што ўлады не чакалі такой самаарганізацыі грамадзян. Для іх гэта працяг шокавых удараў па сістэме.

-Відавочна было, што рэжым хацеў злагодзіць сітуацыю, але нерэгістрацыя кандыдатаў, хоць і чаканая, абвастрыла гэтую сітуацыю і прывяла да стыхійных рэакцый, без заклікаў штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэта сведчыць пра спеласць і самастойнасць беларусаў, якія ўжо не могуць цярпець такую знявагу з боку ўладаў. Таму рэакцыя сілавых структур была адпаведнай, грамадзян неабходна ўтрымліваць у атмасферы страху. Упершыню за апошні час былі выкарыстаныя гумовыя дубінкі. Улады хочуць павысіць узровень страху. Адначасова ёсць выпадкі, калі людзі актыўна супрацьстаяць АМАПу. Узровень напружанасці пачынае расці і гэта можа прывесці да сапраўдных трагічных падзей. Дастаткова аднаго нятрапнага кроку з боку сілавікоў, збіцця, а нават забіцця пратэстоўца, каб пачалася сапраўдная рэвалюцыя. А гэтыя ўмовы ўжо склаліся, бо пратэсты адбываюцца не толькі ў Мінску, але амаль па ўсіх гарадах. Вельмі важнай у гэтым становіцца роля нефармальных інфармацыйных каналаў у інтэрнэце, журналістаў, якія пачынаюць быць інфармацыйнымі правадырамі ў гэтых працэсах.

Паводле палітолага Паўла Усава, пра тое, што Бабарыку прыбяруць з выбарчай прасторы, стала вядома адразу, калі яго арыштавалі.

-Другім этапам у гэтым працэсе з’яўлялася змяншэнне колькасці подпісаў за яго кандыдатуру. Нерэгістрацыя стала трэцім, апошнім этапам знішчэння Бабарыкі, як новага палітычнага лідара. Улады зрабілі ўсё, каб максімальна хутка нейтралізаваць гэтую пагрозу і накіраваць выбарчы працэс у кантраляванае русла, каб 9 жніўня галасаванне адбылося без нечаканасцяў.

Сам штаб Бабарыкі відавочна паралізаваны і не ведае, што рабіць у крызіснай сітуацыі. Гэтыя людзі не падрыхтаваныя да такой экстрэмальнай дзейнасці.
Ім трэба было зрабіць тры важныя крокі: першы – абвясціць байкот выбарчаму працэсу. Другое – байкатаваць і стварыць інфармацыйны ціск на фэйкавых кандыдатаў, як Чэрачэнь, Дзмітрыеў і Канапацкая, якія не сабралі нават 100 тысяч подпісаў, якія хлусяць. Трэці момант – гэта рыхтаваць грамадства да акцыяў пратэсту 9 жніўня і да ўсеагульнай нацыянальнай забастоўкі. Ну і трэба было падключыць да гэтага працэсу Святлану Ціханоўскую.

У далучаным гукавым файле меркаванне палітолага пра цяперашнюю ролю Святланы Ціханоўскай і прагноз на далейшыя дні.

cлухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка