Беларуская Служба

Сенсацыйныя падзеі ў Беларусі - 33 расійскія баевікі ці выпадкова затрыманыя?

01.08.2020 16:40
Таксама сярод важнейшых падзей тыдня - зварот С. Ціханоўскай да прэзідэнта.
Аўдыё
Уладзімір Падголradyjo.net

Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам, у якім заклікала Лукашэнку пазмагацца з ёй на дэбатах у жывым эфіры.

«Дэбаты, якія вы прапануеце нам – гэта фарс. Дэбаты, якія вы прапануеце нам – гэта пустое марнаванне часу беларусаў, якія будуць іх глядзець. Дэбаты, якія вы прапануеце нам – гэта такая ж падробка, як і вашы выбары», – сказала Ціханоўская.

Ціханоўская прапанавала Лукашэнку сустрэцца на сапраўдных дэбатах, сам-насам, у жывым эфіры на Бангалор, перад беларускім народам. Памятаеце, як Зяленскі зладзіў дэбаты з Парашэнкам на стадыёне? Гэта было вельмі цікава, непрадказальна.

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Уначы пад Мінскам затрымалі 33 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі. Цікава, што падчас наведвання 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы 24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка казаў менавіта пра прыватныя ваенныя кампаніі.

А. Лукашэнка: Дзяржсакратар [Раўкоў] правільна сказаў, што ўсякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас замала «майданутых»), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах.

Сяргей Чэрачэнь па выніках пасяджэння ЦВК распавёў, што сакратар Рады бяспекі Андрэй Раўкоў папярэдзіў, што трэба прадухіліць правакацыі, і яны могуць адбыцца. «Рыхтуюцца яшчэ групоўкі, якія могуць прыехаць на тэрыторыю краіны, і яны (правакацыі) магчымы падчас пікетаў і канцэртаў», – сказалі нам.

Андрэй Дзмітрыеў, які выйшаў за ім, дадаў, што ім, кандыдатам у прэзідэнты, сказалі, што ў краіне ёсць 170 баевікоў, абучаных падрыўной і снайперскай дзейнасці. І калі каранавірус пагражае назіральнікам, то ў выпадку з баевікамі, яны пагражаюць «масавым мерапрыемствам».

«Складана ставіць пад сумнеў словы сакратара Рады бяспекі. Ён павінен быць чалавекам, які адказвае за свае словы, бо інакш усё кепска ў краіне, але мне хапіла вялікага кавалка інфармацыі, каб разумець, што адбываецца. Калі нам кажуць, што ў краіне 170 чалавек, я хачу разумець, што мы робім, дзе закрытыя гарады, дзе блокпасты, як мы іх ловім? Нам кажуць (прабачце, я запісваў, мне будзе прасцей), што пад Псковам і Невелем фармуюцца яшчэ нейкія групоўкі. Калі мы пабачым ноту МЗС Беларусі да МЗС Расіі? Бо гэта сурʼёзна, гэта не жарты», – задаўся пытаннем кандыдат у прэзідэнты.

«Дык гэта Раўкоў такое сказаў, пра Пскоў і Невель?» – перапытвае адзін з журналістаў.

«Так, ён сказаў, што пад Псковам і Невелем ёсць яшчэ дзве групоўкі, якія фармуюцца ў падобных мэтах».

«Лічу, што гэта інфармацыя вельмі сурʼёзная, і павінны рэагаваць на гэта спецслужбы і Беларусі, і Расіі», – дадаў Дзмітрыеў.

Раўкоў сказаў нам, паведамляе Дзмітрыеў, што некаторыя баевікі расказалі, што прыехалі сюды «рабіць рэвалюцыю». Але менавіта «некаторыя».

Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што затрыманыя расіяне накіроўваліся транзітам у трэцюю краіну, але праз спазненне на рэйс засталіся і пасяліліся ў санаторый «Беларусачка» пад Мінскам.

Ён таксама назваў беспадстаўнымі сцвярджэнні аб спробе ўмяшання затрыманых расіянаў ва ўнутраныя справы Беларусі. На яго думку, гэта «толькі дапамагае ворагам Саюзнай дзяржавы ўносіць разлад у брацкія адносіны нашых краін».

- Расіяне, якія прыбылі ў санаторый «Беларусачка» пад Мінскам, былі вымушаныя гэта зрабіць у сувязі з тым, што спазніліся на рэйс з Нацыянальнага аэрапорту сталіцы Беларусі, накіроўваючыся транзітам у трэцюю краіну. Яны мелі намер вылецець з Мінска 25 ліпеня і не збіраліся знаходзіцца ў Беларусі нейкі працяглы час, а пазней планавалі вярнуцца ў расійскую сталіцу з іншай дзяржавы таксама самалётам, абыходзячы тэрыторыю Беларусі. Падставай для іх прыезду ў краіну зʼявіўся кантракт з адной з камерцыйных фірмаў, якая зарэгістраваная тут, у Беларусі, а кожны меў з гэтым прадпрыемствам заключаны працоўны дагавор, – заявіў Мезенцаỳ.

Ён таксама адзначыў, што паводле інфармацыі, якую яшчэ трэба ўдакладніць, расіяне могуць зʼяўляцца супрацоўнікамі прыватнага ахоўнага прадпрыемства, якое забяспечвае ахову энергетычнай інфраструктуры і рэсурсаў за мяжой – зусім не ў Беларусі.

- Чакаем ад кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь доказнай інфармацыі, якая пацвярджае абгрунтаванасць праведзенага затрымання расійскіх грамадзян і прадʼяўленых ім абвінавачванняў па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ, як і завядзення крымінальнай справы, аб чым абвешчана 30 ліпеня, – падкрэсліў пасол.

Мезенцаỳ таксама распавёў, што 30 ліпеня ў ходзе сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, ён запатрабаваў забяспечыць доступ консульскіх супрацоўнікаў да расіянаў, аб чым была накіравана адпаведная нота.
Адказваючы на адно з пытанняў карэспандэнтаў, дыпламат адзначыў, што «нашэнне камуфляжнай формы, як і нежаданне падтрымаць хлебасольныя славянскія традыцыі, «негатоўнасць» падняць «добрую чарку» за сяброў – у перыяд знаходжання ў любым санаторыі Беларусі – не бачацца падставай для такой пільнай увагі СМІ, як і асновай для дзеянняў праваахоўных органаў без пераканаўчых і важкіх на тое падстаў».

- Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрымання 33 грамадзян Расіі не вытрымлівае ніякай крытыкі. На сёння нам вядома, што ўказаная група накіроўвалася транзітам праз Мінск у Стамбул, маючы на руках усе неабходныя дакументы, уключаючы авіябілеты. Усю лагістыку на тэрыторыі Беларусі забяспечвала беларуская кампанія. Па невядомых прычынах група не патрапіла на свой рэйс Мінск – Стамбул і вымушаная была затрымацца ў Беларусі ў чаканні набыцця новых авіябілетаў беларускай кампаніяй, – гаворыцца ў паведамленні МЗС Расіі.

У расійскім ведамстве выказалі здзіўленне таму, што беларускім бокам сітуацыя ўяўляецца спробай прадставіць тое, што здарылася, як знешняе ўмяшанне ў справы Беларусі.

- У распараджэнні беларускіх улад, у тым ліку авіяцыйных, ёсць усе неабходныя дакументы для ўстанаўлення праўды, – падкрэслілі ў МЗС РФ.

МЗС Расіі таксама запатрабавала забяспечыць доступ консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых расіянаў, спыніць нагнятаць «непатрэбныя, асабліва ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, негатыўныя эмоцыі».

У. Падгол

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Паміж радкоў