Беларуская Служба

Лукашэнка вельмі баіцца страйкаў на прадпрыемствах, што чуваць у яго выказваннях

29.08.2020 09:00
Беларускі кіраўнік ў чарговы раз стараецца зваліць віну за пратэсты ў Беларусі на заходнія дзяржавы.
Аўдыё
  • У. Падгол каментуе падзеі ў Беларусі
Лукашэнка распальвае канфлікт з суседнімі дзяржаваміBelTA/Associated Press/East News

Прэм'ер-міністры і міністры замежных спраў Эстоніі, Латвіі і Літвы былі гатовыя падчас беларускага ўнутрыпалітычнага крызісу прыляцець у Мінск, каб сустрэцца як з прадстаўнікамі ўлады, так і апазіцыі, але канцылярыя ўраду і МЗС Рэспублікі Беларусь палічылі такі візіт немагчымым.

У МЗС РБ 27 жніўня быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Яму заяўлены «рашучы пратэст у сувязі з відавочнымі спробамі польскага боку непасрэдна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі».

«Звернутая ўвага на агучаныя апошнімі днямі відавочна недружалюбныя, недапушчальныя ў міждзяржаўных зносінах заявы з боку шэрагу польскіх палітыкаў і службовых асоб. Падкрэслена контрпрадуктыўнасць якіх-небудзь далейшых спробаў знешняга ціску на Беларусь, а таксама заклікаў да парушэння суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны», – адзначыў Анатоль Глаз.

Нагадаем, 27 жніўня ў сувязі з неаднаразовымі неабгрунтаванымі абвінавачваннямі ўладаў Беларусі на адрас Польшчы, пасол Беларусі быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Лукашэнка не раз заяўляў пра тое, што Польшча «хоча адсекчы Гродзенскую вобласць».

27 жніўня ў адносінах Беларусі пачалася дыпламатычная бойня на самым высокім узроўні. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Мінску.

«Мы сёння маем у наяўнасці пэўны этап гібрыднай, скажам адкрыта, вайны супраць Беларусі. А як гэта інакш назваць? Сродкі масавай інфармацыі і інфармацыйная сфера прасякнуты гэтай барацьбой, вайной проціборствуючых бакоў. Дыпламатычная бойня супраць нас пачалася і на самым высокім узроўні», – заявіў А. Лукашэнка.

Ён адзначыў, што суседзі Беларусі не толькі адкрыта заяўляюць аб сваёй пазіцыі наконт паўторных выбараў у краіне, але і пачынаюць умешвацца ва ўнутраныя справы краіны, націскаць на дзяржаву. «У наяўнасці дыпламатычная вайна», – яшчэ раз падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што краіна цяпер вымушана траціць вялікія грошы, каб стабілізаваць абстаноўку на заходніх граніцах, куды перакінуты некаторыя ваенныя часці. «Вы бачыце гэтыя заявы аб тым, што калі Беларусь распадзецца, то Гродзенская вобласць адыдзе да Польшчы. Яны аб гэтым ужо адкрыта кажуць, спяць і сняць. Нічога ў іх у гэтым плане не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна».

Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі пераадолеюць сітуацыю, звязаную з несанкцыянаванымі вулічнымі акцыямі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Галоўнае для нас – эканоміка. Калі ў нас будуць нармальна працаваць прадпрыемствы, нам не страшныя ніякія катаклізмы. З вуліцай мы справімся, як бы ім ні хацелася дэстабілізаваць гэтую абстаноўку», – заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ўжо ўсе людзі адчулі, што дзейнаму прэзідэнту ёсць на каго абаперціся. «Ужо ў мітынгах у падтрымку міру, спакою, дзейнаму прэзідэнта выступіла амаль 3 млн чалавек. Гэта ж сіла – 3 млн чалавек, – сказаў Лукашэнка. – Наш электарат больш спакойны: ветэраны, пенсіянеры, спецыялісты. Яны ведаюць сваю справу, працуюць. Таму мы і будзем мець тую колькасць людзей – 80 працэнтаў, якія за нас прагаласавалі».

Толькі дзе тыя 3 мільёны, хто іх бачыў?

У чацвер па расійскай тэлевізіі ў справе бягучых падзеяў, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі і «расейскія сілы».

«Сфармаваныя рэзервы з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі пры неабходнасці». «Расійскія сілы не будуць выкарыстоўвацца да таго часу, пакуль экстрэмісцкія элементы ў Беларусі не пяройдуць межаў, не пачнуць разбой».

Прем’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што некалькі дзясяткаў цяжка параненых чалавек з Беларусі атрымалі дапамогу ў Польшчы. Яны трапілі на тэрыторыю краіны-суседкі, па словах Маравецкака, без візаў.
Грузавік з 20 тонамі дапамогі для беларускіх пратэстоўцаў 12 гадзінаў чакае, каб уехаць у Беларусь, паведаміў кіраўнік офісу польскага прэм’ера Міхал Дворчык. Грузавік перасек польскую мяжу ў сераду ўвечары і ўсё яшчэ чакае ўезду ў Беларусь, паведамляе Радыё Свабода.

У памежнай службе Беларусі заявілі, што на груз няма ўсіх неабходных дакументаў. Дворчык цвердзіць, што ўсе неабходныя дакументы на транспарт ёсць.

Гуманітарная дапамога была арганізаваная прафсаюзам «Салідарнасць». У грузавіку прадукты, у асноўным кансервы. Накіроўваючы транспарт у Беларусь, «Салідарнасць» паведамляла, што на прадпрыемствах, якія страйкуюць у Беларусі, могуць быць зачыненыя сталоўкі.

«Салідарнасць» запусціла праграму дапамогі Беларусі, выдзеліўшы на яе 1 мільён злотых.

26 жніўня на плошчы Незалежнасці сабраліся некалькі сотняў чалавек. Сілавікі заблакавалі ў Чырвоным касцёле каля 100 чалавек. Касцёл зноў адчынілі толькі праз 30–40 хвілін.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі заявіў пратэст у сувязі з дзеяннямі сілавікоў, якія заблакавалі ўваход і выхад у Чырвоны касцёл, паведамляе Сatholic.by, і папярэдзіў улады Беларусі і кіраўніцтва сілавых структураў, што падобныя дзеянні – «недапушчальныя і незаконныя».

«Касцёл зʼяўляецца святыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя. Блакаванне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць гарантаванаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі праву грамадзянаў на свабоду сумлення і веравызнання, абражае пачуцці вернікаў і выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых», – заявіў біскуп Юры Касабуцкі.

Уладзімір Падгол

Больш на гэтую тэму: Паміж радкоў