Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі цягнулася звыш 4 гадзінаў і стала сенсацыйнай, падчас яе стала вядома, што на мяжы РБ і РФ знаходзіліся войскі РФ: нацгвардыя і яшчэ невядомая «праваахоўнікі» з РФ.
Прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся аб тым, каб рэзерв сілавікоў, створаны Расіяй на мяжы з Беларуссю, быў зняты і накіраваны ў месцы пастаяннай дыслакацыі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў па выніках праведзеных у Сочы перамоў двух прэзідэнтаў. Грамадзяне РБ да гэтага ня ведалі пра тое, што РФ размясціла каля мяжы з РБ свае ўнутраныя войскі, гатовыя да інтэрвенцыі.
Пуцін нагадаў Лукашэнку аб неабходнасці змены Канстытуцыі. На першы погляд такая стратэгія дае мажлівасць дыктатару працягнуць захаванне сваёй улады. Але ж насамрэч можа быць, што Пуцін хоча, каб узурпатар зацягнуў у Канстытуцыю РБ пункты, якія здымаюць супярэчнасці паміж ёю і Дамовай аб пабудове Саюзнай дзяржавы. Бо закон аб пабудове Саюзнай дзяржавы паміж РБ і РФ па шмат якіх пунктах пярэчыць Канстытуцыі РБ – гэта і ўтварэнне наднацыянальных органаў кіравання, і ўвядзенне адзінай валюты ды адзінага эмісійнага цэнтру.
Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады пасла Беларусі ў Латвіі Васіля Марковіча і пазбавіў яго дыпламатычнага рангу за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў». Дыпламатычнага рангу пазбавілі таксама паслоў Паўла Латушку і Ігара Ляшчэню.
Аднаго з самых тытулаваных трэнераў Беларусі, нязменнага кіраўніка зборнай фрыстайлістаў Мікалая Казеку пазбавілі імянной прэзідэнцкай стыпендыі.
Следчыя выставілі Марыі Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту) КК, паведамілі ў СК.
Пасля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы Эўраньюс паказала Ціханоўскую, якая выказала шкадаванне за тое, што Пуцін сустрэўся з дыктатарам. Яна заявіла, што 1,5 мільярда крэдытаў, якія Пуцін выдзеліў Лукашэнку, будзе аддаваць не беларускі народ, а асабіста Лукашэнка. Зараз яна рыхтуе спіс Тарайкоўскага накшталт спісу Магніцкага.
Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд папярэдзіла цяперашніх кіраўнікоў Беларусі, якія ўжываюць гвалт для падаўлення мірных пратэстаў, пра тое, што яны могуць быць прыцягнутыя да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе.
«Вельмі важна, каб асобы, якія прымаюць рашэнні ў Мінску, разумелі, што Гаага насамрэч знаходзіцца не так ужо далёка», – заявіла Кальюлайд у панядзелак, сказаўшы, што вінаватыя ў гвалце супраць беларускай апазіцыі павінны быць як мага хутчэй пакараныя.
У каментары тэлеканалу «Цяперашні час» Вераніка Цапкала паведаміла, што «Спадар Пуцін – чалавек адукаваны, інтэлігентны, ён бачыць, які пратэстны рух зараз у Беларусі разгарнуўся. І мне здаецца, што калі б Уладзімір Уладзіміравіч заняў пазіцыю народа Беларусі – а гэта адыход Лукашэнкі ад улады, – то для нас бы Уладзімір Уладзіміравіч быў бы нацыянальным героем », – заявіла Цапкала.
Лукашэнка сабраў сваіх паслугачоў і адзначыў, што паэтапны разбор падзей у краіне выяўляе сапраўдныя задумы і тактыку знешніх, нават не апанентаў Беларусі, а агрэсараў. Ён сказаў, што на працягу апошніх дзесяці гадоў яны скрупулёзна рыхтаваліся да цяперашняга часу «Ч».
«Каб адразу зняць усе маскі, назавём гэтых гульцоў пайменна. На ўзроўні глабальных цэнтраў гэта перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, больш канкрэтна – іх сетка фондаў па падтрымцы так званай дэмакратыі. На еўрапейскім кантыненце актыўна дзейнічалі амерыканскія сатэліты: Польшча, Літва, Чэхія і, на жаль, наша Украіна», – адзначыў Лукашэнка.
Кожная з гэтых краін адпрацоўвала сваю ролю, падкрэсліў ён. Чэхія – з даўніх часоў у якасці рэсурснага хаба, Польшча – спачатку як інкубатар медыяканалаў («Белсат», «Нехта» і іншыя), а затым – як пляцоўка для альтэрнатыўных органаў у выгнанні.
У. Падгол