Народны прэзідэнт Святлана Ціханоўская сустрэлася з канцлеркай Германіі Ангелай Мэркель – адной з самых уплывовых палітыкаў у Еўразвязе. Некалькі дзён таму Ціханоўская сустрэлася з Эманюелем Макронам. Ці сустрэча ў Берліне мае нейкае іншае значэнне, чым сімвалічнае?
Палітолаг Павал Усаў кажа, што каманда Ціханоўскай павінна прадставіць нейкі канкрэтны план дзеяння, інакш яна застанецца толькі сімвалам.
-Па сутнасці, такія сустрэчы маюць выключна сімвалічнае значэнне. Нейкага канкрэтнага працягу гэтыя візіты для беларусаў мець не будуць. Яны ўзмацняюць міжнароднае прызнанне Ціханоўскай як прэзідэнта-электа Беларусі. Але, каб гэты капітал інвеставаць у нейкія сур’ёзныя палітычныя рашэнні, неабходна, каб Ціханоўская прадставіла нейкую фундаментальную праграму дзеяння, каманду прафесіяналаў вакол сябе. Гэта людзі, якія будуць праводзіць рэформы, распрацоўваць накірункі ў развіцці Беларусі. Пакуль мы бачым сімвал Ціханоўскай, але за ім няма інстытуцыянальнага напаўнення. Таму, з аднаго боку, еўрапейцы гатовыя размаўляць, нейкім чынам падтрымліваць дзейнасць Ціханоўскай, з іншага, яны самыя не ведаюць, што рабіць, і ў якім накірунку ісці далей.
З боку Ціханоўскай павінны быць рэальныя прапановы дзейнасці ва ўмовах рэвалюцыйнай сітуацыі. Пакуль гэтага не будзе, Ціханоўская будзе заставацца толькі сімвалам. Гэта ўсё можа пераўтварыцца ў сітуацыю, якая часта здаралася з апазіцыяй: унутранага гета і разбазарвання патэнцыялу. Менавіта так адбылося з Аляксандрам Мілінкевічам.
У далучаным гукавым файле каментар Паўла Усава да выезду з Беларусі дыпламатаў чарговых краін, а таксама ацэнка цяперашняга этапу беларускай рэвалюцыі.
Слухайце аўдыё