Беларуская Служба

У. Падгол: АБСЕ выдатна ацаніла выбары ў Беларусі

07.11.2020 10:12
Палітычны аглядальнік запрашае на агляд самых важных падзей тыдня.
Аўдыё
  • АБСЕ выдатна ацаніла выбары ў Беларусі
Уладзімір Падголradyjo.net

У дакладзе прызначанага ў рамках Маскоўскага механізму дакладчыка АБСЕ Вольфганга Бэнэдэка сцвярджаецца, што парушэнні падчас выбараў былі на ўсіх этапах. Уладам Беларусі рэкамендуецца адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і арганізаваць «новы электаральны працэс на аснове міжнародных стандартаў».

Акрамя таго, Мінску рэкамендуецца своечасова запрасіць для назірання за выбарамі місію Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, гарантаваць удзел усіх прадстаўнікоў грамадскасці ў выбарчых камісіях, каб яны змаглі незалежна выконваць свае функцыі, і прывесці выбарчае права ў адпаведнасць са стандартамі, рэкамендаванымі БДІПЧ АБСЕ і ААН.

«У якасці агульнага вываду ёсць неабвержаныя доказы таго, што прэзідэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года былі сфальсіфікаваныя, і што беларускія сілы бяспекі здзяйснялі масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў адказ на мірныя дэманстрацыі і пратэсты», – гаворыцца ў аб'ёмным дакуменце на 58 старонак.

Дакладчык робіць выснову, што прэзідэнцкія выбары мелі відавочныя недахопы, якія не адпавядалі асноўным патрабаванням.


Міністр замежных спраў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб заклікаў правесці ў Беларусі новыя прэзідэнцкія выбары. Гэта адбылося пасля публікацыі незалежнай справаздачы, якая пацвердзіла, што жнівеньскія выбары былі «сфальсіфікаваныя», і раскрыла маштабы парушэнняў правоў чалавека, зробленых рэжымам Лукашэнкі.

Вялікабрытанія ўзначаліла дыпламатычную кампанію ў справе міжнароднага незалежнага расследавання ў рамках АБСЕ паведамленняў пра фальсіфікацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў, а таксама кампаніі гвалту, запалохвання і пераследу мірных дэманстрантаў уладамі Беларусі.


Дзяржсакратар Майкл Пампэа заклікаў улады Беларусі прыслухацца да патрабаванняў беларускага народа аб правядзенні свабодных і справядлівых выбараў. Заява Пампэа зʼявілася пасля публікацыі дакладу АБСЕ.

У Дзярждэпе заявілі, што ў дакладзе апісваюцца парушэнні правоў чалавека і злоўжыванні, учыненыя ў буйным маштабе і беспакарана беларускімі ўладамі падчас выбараў 9 жніўня і пасля іх. Выяўленыя дакладчыкам парушэнні правоў «мірных дэманстрантаў, актывістаў апазіцыі і журналістаў уключаюць катаванні, адвольныя затрыманні і абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў, асацыяцый і мірных сходаў», – мяркуе Пампэа.


Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад паслоў у тым ліку ад апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён не хоча «апынуцца паміж молатам і кавадлам ды стварыць нейкія нязручнасці». Паводле яго слоў, ён абмяркоўваў гэтае пытанне з Папам рымскім, і кіраўнік Каталіцкай царквы паставіўся да яго са зразуменнем.
Раней тон заяў Аляксандра Лукашэнкі наконт візіту Папы быў іншым.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі пракаментаваў апошнія падзеі вакол адносін беларускай улады з Касцёлам.
Падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам было сказана шмат слоў пра Каталіцкі Касцёл.

Біскуп адзначыў, што гэта не толькі і не столькі словы аднаго чалавека, колькі словы, падрыхтаваныя і ўкладзеныя ў яго вусны пэўнымі «ідэолагамі» і «паліттэхнолагамі».


Пасол Беларусі ў Францыі Ігар Фісенка даў інтэрв’ю выданню Initiative Communiste («Камуністычная ініцыятыва»). Пасольства ў Францыі было адным з нешматлікіх у Еўропе прадстаўніцтваў, дзе пераможцам абвесцілі Лукашэнку, а не Ціханоўскую.

-Беларускія ўлады даказалі факты, што акцыі пратэсту ў Беларусі старанна планаваліся, рыхтаваліся, каардынаваліся, у тым ліку праз замежныя сацыяльныя сеткі. Напрыклад, Telegram-канал «Нехта», дзейнасць якога, паводле звестак некаторых СМІ, каардынуе Цэнтральная група псіхалагічнага дзеяння ўзброеных сіл Польшчы.


Лукашэнка нагадаў, што некалькі дзён таму ў Польшчы заявілі аб намерах запрашаць да сябе дактароў з-за мяжы, у тым ліку і з Беларусі, каб наладзіць барацьбу з каранавірусам.
«Вось і ўся казка аб прыгожым жыцці. Асабліва просяць нашых дактароў прыехаць у Польшчу, каб дапамагчы насельніцтву і дзяржаве ў барацьбе з кавідам. Хачу папярэдзіць: у нас няма лішніх дактароў. Нам самім трэба лячыць нашых людзей. Але, згодна з нашым прынцыпам, мы нікога трымаць не будзем. Аднак, трэба разумець: зʼехаў – назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі зʼехаў», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта не пагроза, а загад для ўрада. «Таму ўсіх трэба ставіць на месца, нікому не перашкаджаючы ў выпадку, калі ён хоча вялікага рубля ці ў яго пазелянелі вочы ад валюты», – дадаў ён.


Уладзімір Падгол

Больш на гэтую тэму: Паміж радкоў