Беларуская Служба

У. Падгол: 159 палітвязняў – такі ўраджай палітычных дажынак сабраў дыктатар у турмах

26.12.2020 08:09
2020 для мільёнаў беларусаў быў годам натхнення ад прадчування дэмакратыі, годам страху і роспачы.
Аўдыё
  • 159 палітвязняў – такі ўраджай палітычных дажынак сабраў дыктатар у турмах
Уладзімір Падголradyjo.net

Страху за лёс блізкіх, родзічаў, сяброў ды роспачы, што ўсё ж перамога стала недасягнутай.

Год 2020 стаў годам без законаў. Лукашэнка заявіў: «Часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь».

Год 2020 стаў годам велізарнай колькасці чалавечых трагедый (пакутаў, катаванняў, здзекаў).

У 2020 годзе Лукашэнка абвясціў, што мы сталі ядзернай дзяржавай, а ў грамадстве з’явіўся новы клас – пратэстуны.

Звычайна ядзернай дзяржавай называюць тую, якая мае ядзерную зброю. Лукашэнка абвясціў РБ ядзернай на падставе таго, што запрацавала атамная станцыя ў Астраўцы. І там сапраўды можна вырабляць кампаненты ядзернай зброі. Такія як рабілі ў СССР у пасёлку Сосны пад Мінскам.

Выбары прэзідэнта адбываліся ва ўмовах пастаяннага фальшавання. Вертыкаль стварыла выбарчыя камісіі, куды не прапусцілі ніводнага апазіцыянера. Падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты за апазіцыйных кандыдатаў утвараліся такія велізарныя чэргі, што ў штабе Лукашэнкі пачалася паніка. Ён сам стаў публічна бэсціць арганізатараў збору подпісаў, вінавацячы іх у тым, што яны імітуюць чэргі.

Пасадзілі ў турму патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Бабарыку і Ціханоўскага, пасадзілі палітыкаў Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча, якія проста крочылі да месца збору подпісаў. І вось тут пачаліся сенсацыйныя падзеі. Жонка зняволенага Ціханоўскага пайшла кандыдатам у прэзідэнты. Хатняя гаспадыня, якая мае дваіх дзетак, любіць кухарыць, раптам стала прыцягваць увагу выбаршчыкаў. Яна кантраставала сваёй шчырасцю, сумленнасцю з хлуслівым уладаром. Папулярнасць Ціханоўскай расла лавінаабразна. Шчырасць і сумленнасць хатняй гаспадыні перамагла хлуслівасць і цынізм палітычнага патрыярха. Лукашэнка і яго паслугачы напалохаліся. На адну з апошніх сустрэч Ціханоўскай з выбаршчыкамі ў парку Бангалор уладатрымальнікі нагналі вайсковую тэхніку, палявыя кухні і зладзілі там свята чыгуначных войскаў, якіх у РБ не існуе.

Падчас пратэстаў загінула 7 чалавек, звыш 30 000 было арыштавана, некалькі тысяч падвергліся катаванням, падалі заявы ў следчы камітэт. І там не ўзбудзілі ніводнай крымінальнай справы.

У турме сядзяць палітыкі, журналісты, урачы, сядзела нават міс Беларусь 2008 Хіжанкова. Адседзелі чэмпіёны і прызёры алімпійскіх гульняў.

З пачаткам выбарчай кампаніі ў Беларусі ўлады пачалі вайну супраць журналістаў. Іх пазбаўляюць акрэдытацый, збіваюць, страляюць па іх гумовымі кулямі, затрымліваюць, саджаюць на суткі. Асабліва моцным ціск на медыя ў Беларусі стаў пасля выбараў. З таго часу журналістаў больш за 300 разоў затрымлівалі, 65 чалавек пакаралі арыштам на тэрмін ад 3 да 30 сутак.

У турме катавалі ўрачоў, сусветных спартовых зорак, журналістаў з РФ і гасцей з Ізраілю.
Сотні выпадкаў катаванняў сталі вядомы людзям з усяго свету. Відэакадры, як асобы ў чорнай вопратцы з маскамі на тварах збіваюць людзей, якія ляжаць на асфальце, узрушылі мільёны людзей па ўсім свеце.

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Паміж радкоў