Прэзідэнт ЗША Байдэн назваў Пуціна забойцам. МЗС РФ адклікала пасла РФ у ЗША для кансультацый у Маскву. Рубель абваліўся. Святлана Ціханоўская заклікалабеларусаў прагаласаваць за перамовы з уладай - гэтыя і іншыя падзеі аналізуе Уладзімір Падгол.
Тое, што прэзідэнт ЗША Байдэн назваў Пуціна забойцамГэта актуалізуе забойства ў РБ Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку – былых паплечнікаў Лукашэнкі, якія перайшлі да яго ў апазіцыю. І Ганчар паспрабаваў адабраць у Лукашэнкі пасаду прэзідэнта.
Лукашэнка не раз казаў, што ў яго з Пуціным тоесны лёс. Казаў, што можа нават прыйдзецца стаяць у адным акопе спінай да спіны і адстрэльвацца. Калі нядаўна на Ютубе паказалі фільм пра багацці Лукашэнкі і яго за тыдзень паглядзелі звыш 5 мільёнаў чалавек, Лукашэнка сказаў, што і пра багацці Пуціна таксама паказалі фільм (пра гіганцкі палац у Геленджыку) і тут іхны лёс падобны.
Але тое, што сказаў Байдэн пра Пуціна, што называецца, забівае адным стрэлам двух зайцоў.
У 2005 годзе А.Лукашэнка ў парыве шчырасці звярнуўся да Генпракурора Бажэлкі А.А.: «Ты давёў мяне да знямогі! Я начамі не сплю – глытаю прыгаршнямі таблеткі. Ты капаеш пад мяне, капаеш! Кіньце шукаць Ганчара і Захаранку. Вам што трэба, каб апазіцыя насіла труны з іхнымі целамі па Мінску?!» («Народная воля» 2.03.2005)
І да гэтага і пасля Лукашэнка і ягоныя памагатыя спрабавалі давесці, што Ганчар і Захаранка жывыя, што іх бачылі ці то ў Германіі, ці то ва Украіне. І вось раптам такое самараспрананне.
А падчас пратэстаў супроць фальшавання выбараў у РБ было забіта 7 чалавек. І загад на выкарыстоўванне спецвойскаў са зброяй супроць мірных грамадзянаў аддаў тагачасны кіраўнік дзяржавы.
Невыпадкова Павел Латушка звярнуўся да кіраўнікоў краінаў ЕЗ, каб сілавыя структуры РБ прызналі тэрарыстычнымі арганізацыямі.
А як вядома з тэрарыстамі не вядуць ніякіх перамоў, калі яны захапілі закладнікаў. У турмах сёння знаходзяцца сотні палітвязняў. Суды ідуць кожны дзень і тэрміны выракаў ужо сягаюць 8 год і ў перспектыве будуць значна большымі.
Павел Латушка ў інтэрв'ю іспанскаму інфармацыйнаму агенцтву EFE выказаў расчараванне пазіцыяй Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
«Мы мусім разумець, што Лукашэнка, як любы дыктатар, хоча заставацца ва ўладзе да апошняга дня свайго жыцця, – сказаў старшыня Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва. – Ён хворы на ўладу, і гэтая хвароба – асноўная праблема Беларусі. Беларусь ператвараецца ў вайсковую дыктатуру, але пратэсты не заціхаюць. Людзі рызыкуюць, нават нягледзячы на заявы ўлады пра гатоўнасць выкарыстоўваць мабільныя брыгады арміі супроць пратэстоўцаў.
Калі Лукашэнка гаворыць, што вораг унутры, гэта азначае толькі адно: у якасці ворага ён бачыць беларускі народ.
Мы адзіная краіна ў Еўропе, дзе працягвае існаваць КДБ, але нават пры гэтым людзі ўсё роўна выйдуць на вуліцу». Латушка таксама сказаў, што чакае ад Еўрапейскага Звязу больш рашучых дзеянняў:
«Адным з магчымых рашэнняў, якія мы чакалі ад Бруселі, магло стаць стварэнне групы з еўрапейскіх палітыкаў высокага ўзроўню, якая магла б весці перамовы ў Мінску і Маскве. Але Еўразвяз да гэтага часу гэтага не зрабіў».
Акрамя таго, Павел Латушка прапануе заходнім краінам прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным і стварыць трыбунал для расследавання злачынстваў улады.
На гэтым фоне прагучаў зварот Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская 18 сакавіка выступіла з відэазваротам да беларусаў, у якім заклікала іх прагаласаваць за перамовы з уладай.
– Кожны з вас ведае, што ў краіне крызіс. І вырашыць яго мы можам мірным шляхам – праз перамовы пры міжнародным пасярэдніцтве. Перад 25 сакавіка мы разам з Каардынацыйнай радай, «Байпол», фондамі салідарнасці і іншымі дэмакратычнымі сіламі, запускаем вялікае галасаванне на платформе «Голас». Наша з вамі агульная задача – зрабіць так, каб прагаласаваў кожны адказны беларус – і тады ўжо да Дня Волі мы ўбачым першыя вынікі – заявіла Ціханоўская.
Па яе словах, перамовы дапамогуць вырашыць крызіс у краіне, прычына якога ў тым, што «ўладу ўтрымлівае чалавек, які прайграў выбары».
– Ён адмовіўся сыходзіць з пасады, ён спрабуе кіраваць краінай з дапамогай гвалту і рэпрэсіі. І цяпер у нас закрываюць бізнесы, цэны растуць, а пенсіі і заробкі падаюць. З Беларусі сыходзяць інвестары і гандлёвыя партнёры. А галоўнае – у краіне ніхто не адчувае сябе бяспечна. У сваіх дамах людзі ўздрыгваюць, калі чуюць шум за дзвярыма. І баяцца выкліку да начальства, таму што кожны раз чакаюць, што ім не падоўжаць кантракт – заявіла Ціханоўская.
Экс-кандыдатка падкрэсліла, што Беларусы выбіраюць не зброю, а негвалтоўны пратэст і сумленны голас.
Уладзімір Падгол