Беларуская Служба

П. Усаў: Пасквіль на касцёл – сігнал пра далейшы ціск

08.09.2021 12:16
Дзяржаўная газета «Мінская праўда» выйшла з карыкатурай на каталіцкіх ксяндзоў.
Аўдыё
  • Пасквіль на касцёл – сігнал пра далейшы ціск
Павал Усаўradyjo.net

Дзяржаўная газета «Мінская праўда» выйшла з карыкатурай на каталіцкіх ксяндзоў, у якіх на шыі замест крыжа свастыка, і якія спяваюць «Магутны Божа». Малюнак быў размешчаны на першай паласе газеты.

Паводле палітолага Паўла Усава, гэта чарговы сігнал касцёлу, што варта чакаць далейшага ціску.

-Няма чаго дзівіцца ўзроўню людзей, якія працуюць у дзяржаўных СМІ. Гэта неадэкватныя людзі, якія нават не столькі выконваюць загады, колькі працуюць згодна з ідэалогіяй дзяржавы. Паводле яе, касцёл – гэта адзін з інструментаў антыдзяржаўнай палітыкі, паколькі касцёл у адрозненні ад царквы заняў выразную пазіцыю адносна таго, што адбываецца ў Беларусі. Уплываў на касцёл дзяржава не мае, касцёл не будзе ідэалагічным і палітычным саюзнікам рэжыму. Гэта азначае, што яго трэба нейкім чынам прыдушыць. І сігналам для касцёла з’яўляецца такі артыкул. Будуць абмяжоўваць яго дзейнасць, прымяняць рэпрэсіі. Магу нават прагназаваць, што пачнуцца праверкі каталіцкіх семінарый у Гродне і Пінску з перспектывай закрыцця. Акрамя таго, што ў ідэалагічным сэнсе касцёл – не саюзнік, то яшчэ даходзіць геапалітыка. Традыцыйна ў пострасійскай свядомасці касцёл разглядаецца як польскі інструмент уплыву. Усё гэта адбываецца на фоне сур’ёзнай канфрантацыі на лініі Мінск-Варшава. Сітуацыя з касцёлам будзе расцэньвацца як элемент ціску на Захад і канкрэтна Польшчу.

У далучаным гукавым файле Павал Усаў таксама каментуе прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку.

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка