У разгары расійска-беларускія ваенныя вучэнні Захад-2021. Сёлета яны выключна маштабныя і выклікаюць больш засцярог у суседзяў Беларусі, чым ранейшыя, паколькі палітычная сітуацыя ў краіне значна больш напружаная, чым была некалькі гадоў таму. Ці можа так стацца, што пасля вучэнняў у Беларусі застанецца частка расійскіх салдат або тэхнікі, каб стаць ваеннай квазі-базай? Такую базу Расіі не ўдаецца прасунуць ужо шмат гадоў. Пра гэта мы размаўляем з доктарам паліталагічных навук, гісторыкам Паўлам Усавым.
- Пагроза таго, што частка расійскай амуніцыі або вайскоўцаў можа застацца ў Беларусі, ёсць. Такія страхі выказваліся і падчас папярэдніх вучэнняў у 2017 годзе. Калі Расія пасля вучэнняў пакіне ў Беларусі сваіх салдат, гэта для ўсяго свету будзе азначаць акупацыю Беларусі. Пуцін выбраў трошкі іншую мадэль інкарпарацыі Беларусі ў расійскую прастору, паколькі цяпер Захад высылае Расіі сігналы, што ён гатовы ісці на «перазагрузку», размаўляць з Пуціным. У такіх умовах фактычная акупацыя Беларусі прывяла б да яшчэ большага пагаршэння адносінаў.
Сустрэчу А. Лукашэнкі і У. Пуціна ў Маскве напярэдадні вучэнняў нельга назваць сустрэчай роўных бакоў. Лукашэнка ўжо не самадастатковы палітык, ён будзе адрэзаны Расіяй ад кіравання краінай. Расія пачынае паступова забіраць эканамічныя элементы яго кіравання. Як толькі стане ясна, што Лукашэнка з’яўляецца пасаджаным прэзідэнтам, але не прымае рашэнняў, тады пачнецца распад наменклатуры, якая будзе глядзець на Маскву і перастане падтрымліваць Лукашэнку.
слухайце аўдыё
нг