У рамках беларуска-расійскіх вучэнняў, запланаваных на сярэдзіну лютага, у Беларусь прыедзе вялікая колькасць расійскіх вайскоўцаў. Ёсць боязі, што частка застанецца на доўга. Сёння адбыўся незвычайны завочны дыялог паміж апазіцыйным палітыкам Зянонам Пазняком і Аляксандрам Лукашэнкам. На закіды Пазняка, што дэ-факта адбываецца акупацыя Беларусі, Лукашэнка адказаў, што акупацыі краіны ніколі не будзе, пакуль ён жывы.
Ці сапраўды вучэнні могуць распачаць расійскую акупацыю Беларусі, мы спыталі кандыдата паліталагічных навук Паўла Усава.
«Эскалацыя на межах Украіны, а таксама беларуска-расійскія вучэнні звязаныя з ультыматумам, які аб’явіла Расія Захаду – яна патрабуе гарантый бяспекі, вываду амерыканскіх войскаў з тэрыторыі Еўропы, не прымаць новых членаў у альянс. Расія хоча панаваць на постсавецкай прасторы. Калі Расія выставіла ўльтыматум, Лукашэнка падпісаў загад аб вучэннях, але ў той момант у Беларусь ужо накіроўваліся расійскія войскі.
Пакуль што Расія пралічылася, не дабіўшыся саступак з боку Захаду. Але мы бачым, што Нямеччына ідзе на сабатаж у адносінах Украіны, што можа мець сур’езныя наступствы. Істэрыя ў СМІ накручваецца, Расія абяцала моцны вайсковы адказ. Такім адказам можа быць або пашырэнне вайсковай прысутнасці на Данбасе, або стварэнне вайсковай інфраструктуры на тэрыторыі Беларусі. Пасля вучэнняў частка тэхнікі можа застацца ў Беларусі, што фактычна і азначае акупацыю нашай краіны», – сказаў палітолаг.
Слухайце аўдыё