Роля Беларусі ў магчымым ваенным канфлікце ва Украіне будзе мець важнае непасрэднае значэнне. Гэты трэці фронт, які будзе выкарыстаны Расіяй для ваенных аперацый ці правакацый, таксама гібрыдных, кажа палітолаг Павал Усаў.
-Усё для таго, каб прымусіць Украіну выконваць Мінскія пагадненні, у выніку якіх Украіна стала б федэрацыяй, а Расія мела б неабмежаваныя магчымасці. У дадзеным кантэксце Беларусь адыгрывала б ключавую ролю, як адзін з вайсковых фронтаў, адкуль будзе ісці ўдар. Я не ўпэўнены, што Беларусь брала б непасрэдны ўдзел у аперацыі супраць украінцаў.
Расіяне могуць стварыць у Беларусі лагістычную сетку, размясціць свае сілы на ключавых напрамках, каб пры неабходнасці ўдарыць з трох напрамкаў.
Другі аспект тычыцца гібрыдных пагроз: аказання псіхалагічнага ціску. Тут ідзе дэманстрацыя сілы. У сваю чаргу Беларусь становіцца выключна зонай акупацыі, паколькі такой колькасці расійскіх войскаў у Беларусі не было з часоў Савецкага Саюзу.
Для Расіі пасля канфлікту з Украінай, не важна, як ён закончыцца, важна будзе мець плацдарм. І Беларусь ім стане. Пасля ўмоўнага завяршэння вучэнняў на тэрыторыі Беларусі могуць застацца лагістычныя базы РФ, могуць з’явіцца дадатковыя вайсковыя аб’екты. Гэта будзе азначаць, што краіна цалкам пераўтварылася ў сферу кантролю, па сутнасці ў вайсковую базу РФ. Можна будзе казаць пра знішчэнне незалежнасці Беларусі.
У далучаным гукавым файле слухайце поўны каментар.
слухайце аўдыё