Ім стаў сын папярэдніка - Сердар Бердымухамедаў. Першымі яго рашэннямі на новай пасадзе сталі новыя абмежаванні ды забароны. У першую чаргу яны закранулі жанчын.
Туркменістан закрытая краіна ды навіны адтуль рэдка даходзяць у свет. Аднак некаторым СМІ ўдаецца здабываць звесткі пра тое, што адбываецца ў гэтай краіне. На пачатку траўня пачалі з’яўляцца загалоўкі на старонках Радыё Свабоды ды Новай газеты пра тое, што новы туркменскі прэзідэнт – мезагін, улады занепакоіліся знешнім выглядам жанчын, узмацняюць кантроль за жаночым целам. Падставай для гэтага сталі дзеянні ўладаў у дачыненні да жанчын. Так новы прэзідэнт забараніў жанчынам нарошчваць вейкі і пазногці, павялічваць вусны, фарбаваць валасы, асабліва ў ясны колер. Маўляў усё адно рускімі не стануць. Таксама ўлады патрабуюць ад туркменак сціпла апранацца - без аблеглага адзення і занадта адкрытых частак цела.
Апроч таго Новая хваля абмежаванняў закранула і сацыяльнае жыццё жанчын. Цяпер ім не дазваляецца ездзіць на пярэднім сядзенні аўтамабіля, ды і проста садзіцца ў аўто без бацькі ці брата, сваяцтва з якім яшчэ могуць запатрабаваць даказаць, туркменкам перасталі выдаваць правы кіроўцы, на працы з жанчынамі праводзяцца «гутаркі аб маральнасці», асабліва са школьнымі настаўніцамі.
Пры гэтым ніякіх юрыдычных дакументаў, якія апісваюць абмежаванні па вонкавым выглядзе жанчын і пакаранні за іх парушэнні, у публічным доступе няма. Гэта ўсё вусны загад сатрапа. Пра сітуацыю ў гэтай краіне мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
- Калі мы кажам пра Туркменістан, там на працягу доўгіх год будавалася і зачыненая таталітарная сістэма, якая абмяжоўвала актыўнасць грамадзян у шмат якіх сферах. Там сфармаваўся культ асобы правадыра. Спачатку Ніязаў, потым Бердымухамедаў, а цяпер ягоны сын. У дадатак да гэтага прымяшаліся ісламскія дактрыны. Іслам з’яўляецца асновай для культурных зносін у Сярэднеазіяцкіх краінах. Чым больш зачыненая дзяржава, тым больш іслам выкарыстоўваецца для абмежавання грамадства.
Цяперашні прэзідэнт – Сердар - вучыўся за мяжой у Еўропе. Чаму гэта на яго не паўплывала?
- Гэта не ёсць фактарам абавязковага ўплыву. Іншыя дыктатары таксама вучыліся ды мелі сувязі з заходнімі краінамі, той жа Кім Чын Ын замаўляе каньяк ды цыгары з Захаду. Башар Асад доўга жыў і працаваў у Вялікабрытаніі. Гэта не змяняе светапогляд дыктатараў, калі яны прыходзяць да ўлады, яны выкарыстоўваюць здабытыя на Захадзе веды для ўмацавання сваёй улады. Тут можна згадаць таго ж Пуціна, які доўга жыў і працаваў на Захадзе. Выхаваны ў таталітарнай сістэме, не будзе займацца дэмакратызацыяй.
Што можа быць далей, ва ўмовах, калі градус абсурду ўжо зашкальвае?
- Туркменістан жыве ва ўмовах абсурду – даўно. Гэта пачалося з часоў Ніязава, Бурдымухамедаў-бацька толькі памножыў, паставіўшы помнікі сваім сабакам ды каням. Яны ўспрымаюць грамадства як бяспраўных нявольнікаў, могуць рабіць з імі што заўгодна. Гэта абсалютная ўлада, трансфармацыя псіхалогіі такога ўзроўню, калі яны сябе ўспрымаюць у якасці багоў.
Ці магчымы пратэст супраць гэтых новых абмежаванняў?
- Ніякіх пратэстаў там не будзе. Там настолькі зламаная псіхалогія ў людзей, што ніхто не пратэстуе. Колькасць абмежаванняў там увесь час павялічваецца, а грамадства маўчыць. Яно рухаецца ў напрамку феадалізму, дзе будзе адзін вялікі феадал, а астатнія будуць яго абслугоўваць. Адзіная сіла, што магла б паўплываць – гэта міжнародная супольнасць. Аднак Туркменістан для свету даўно чорная пляма на мапе, Захад не мае ніякага ўплыву на гэтую краіну. Апошнія гады Туркменістан усё больш арыентуецца на Кітай, што толькі ўзмоцніць кансервацыю ды феадалізацыю сістэмы.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч