У Вільні пачаў працу Кангрэс свабоднай Расіі. У Кіеве адчыніўся Цэнтр узброенай барацьбы расійскай апазіцыі. Гэта крокі да аб’яднання расійскай апазіцыі ды пошуку адказаў на пытанні, ці павінна існаваць Расія ды ў якім фармаце пасля паразы ў вайне супраць Украіны. Аднак, гэта не першая спроба аб’яднання расійскіх антыпуцінскіх сіл, папярэднія не прынеслі вынікаў. Ці ёсць шанец на адзінства, вакол каго? Гэтыя пытанні мы абмяркоўваем з экспертам.
Пры канцы жніўня ў Кіеве прэзентавалі Палітычны цэнтр узброенай барацьбы расійскай апазіцыі. У яго склад увайшлі прадстаўнікі легіёна "Свабода Расіі", які складаецца з грамадзян Расіі, якія ваююць ва Украіне супраць рэгулярных расійскіх войск, Рускага добраахвотніцкага корпуса і Нацыянальнай рэспубліканскай арміі. Узначаліў аб'яднанне расійскі палітык, дэпутат Дзярждумы з 2007 па 2016 год Ілля Панамароў.
На пачатку верасня ў Вільні адбыўся Кангрэс свабоднай Расіі, які сабраў на адной пляцоўцы расіян, якія адкрыта выступаюць супраць расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, а таксама прадстаўнікоў еўрапейскіх краін і міжнародных арганізацый, якія падтрымліваюць народ Украіны ў супрацьстаянні пуцінскай дыктатуры.
Галоўнай задачай Кангрэса была названа ідэя аб'яднання намаганняў найбольш актыўнай антываеннай часткі расійскага грамадства і свабоднага заходняга свету ў падтрымцы Украіны і супрацьстаянні рэжыму Уладзіміра Пуціна. Ці гэта рэальна пасля шматлікіх параз папярэднікаў? Мы размаўляем пра гэта з палітолагам Паўлам Усавым.
- Шмат чаго залежыць ад таго, ці здолеюць паразумецца прадстаўнікі розных палітычных сіл. Мы бачым, якія вялікія праблемы існуюць з аб’яднаннем беларускай апазіцыі. Сярод расійскіх палітычных сіл шмат розных падыходаў ды амбіцый. Панамароў, Хадаркоўскі, Навальны прэтэндуюць на тое, каб прадстаўляць працэс палітычных перамен у Расіі. Але пакуль няма моцнай кансалідаванай палітычнай сілы, палітычнага лідарства.
У ранейшыя этапы расійскай гісторыі, урады ў выгнанні ды цэнтры эміграцыі не былі паспяховымі ў перафарматаванні ўлады ў Расіі.
- Чаму не, у бальшавікоў атрымалася. Палітычнае кіраўніцтва знаходзілася за мяжой, але ўнутры краіны была моцная палітычная аснова, моцныя саюзы бальшавікоў з іншымі партыямі. Былі ўнутры структуры, якія праводзілі рэвалюцыйную дзейнасць у Расійскай імперыі. У цяперашніх расійскіх сіл гэтага няма, што ёсць праблемай. Трэба ствараць прадстаўнічую ды эфектыўную сістэму з гучнай ідэалогіяй, з аўтарытэтнымі лідарамі. Адзіны чалавек, якія мае вялікі палітычны капітал – гэта Навальны, але ён за кратамі. Ці атрымаецца гэта ў апазіцыі. Мала верагодна. Цяперашняя Расія больш зачыненая ды таталітарная краіна, чым царская Імперыя.
Эксперт перакананы, што для поспеху апазіцыі патрэбны адзіны палітычны цэнтр.
- Неабходна, каб быў умоўны палітычны цэнтр, які мог бы ва ўмовах завальвання сістэмы пасля паразы ў вайне, мог бы перахапіць уладу ў перыяд хаосу. Расійская гісторыя сведчыць пра тое, што пасля імперскіх зрываў наступае распад.
Адной з галоўных тэм Кангрэсу стала будучыня Расіі як адзінай дзяржавы. Казалася пра магчымасць распаду на шэраг дзяржаў. Пры гэтым большасць схілялася да меркавання, што лепш бы не развальвалася. Вы кажаце пра хаос? Гэта рэальная перспектыва?
- Гледзячы на тое, як разгортваюцца падзеі ва Украіне, распад магчымы. Гэта прывядзе да пратэстаў у звязку з расійскімі стратамі ды эканамічнымі праблемамі, якія нарастаюць асабліва ў рэгіёнах.
Што райскіх хаос азначае для іншых краін з постсавецкай прасторы?
- Распад Расіі прывядзе да абвастрэння сітуацыі на Каўказе, магчыма вяртанне радыкальнага ісламу, аднаўлення вайсковых дзеянняў. Азербайджан рыхтуецца да адбіцця ў Арменіі Нагорнага Карабаху. Бел падтрымкі Крамля Ерэван не ўстане ўтрымаць гэтыя тэрыторыі. У Цэнтральнай Азіі будзе нарастаць ізаляцыя тамтэйшых рэжымаў ды іх пераход пад пратэктарат Кітая. Адзіны Казахстан будзе спрабаваць балансаваць паміж Пекінам ды Анкарой. Для Беларусі распад Расіі азначае шанец на істотныя перамены. Рэжым Лукашэнкі без маскоўскай падтрымкі не пратрымаецца. Грамадства ў краіне абуджанае, апазіцыі трэба рыхтавацца да таго, каб хутка перахапіць уладу.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч