Беларуская Служба

Беларусы чакаюць свайго Валэнсу

31.10.2022 10:11
Пасля прызнання Нобелеўскай прэміі міра Алесю Бяляцкаму, менавіта ў ім пачалі бачыць лідара для дэмакратычнай Беларусі.
Аўдыё
  • Беларусі патрэбны свой Валэнса?
Aleś Bialacki podczas wręczenia nagrody Right Livelihood Award w Sztokholmie, 3.12.2020
Aleś Bialacki podczas wręczenia nagrody Right Livelihood Award w Sztokholmie, 3.12.2020PAP/EPA/ANDERS WIKLUND

Сёлета адным з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру стаў беларускі праваабаронца, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Сярод беларускай дыяспары і тых, хто быў вымушаны з'ехаць з краіны пачалі гучаць меркаванні, што менавіта Беляцкі быў бы найлепшым прэзідэнтам для дэмакратычнай Беларусі. З'явіліся параўнанні беларускага праваабаронцы да славутага лідара польскай «Салідарнасці» Леха Валэнсы, які таксама атрымаў Нобелеўскую прэмію міра. Мы паразмаўлялі пра змястоўнасць гэтых параўнанняў з іншым праваабаронцам.

13 снежня 1981 года генерал Войцех Ярузэльскі ўвёў ваеннае становішча. У студзені 1982 года ўлады прынялі рашэнне аб інтэрніраванні старшыні забароненага прафсаюза «Салідарнасць». 5 кастрычніка 1983 года Нобелеўскі камітэт абвясціў аб рашэнні прысудзіць Леху Валэнсе Нобелеўскую прэмію міру. У абгрунтаванні, між іншым, указвалася, што яго ўнёсак мае ключавое значэнне для дзейнасці па ўсталяванні свабоды арганізацыі ва ўсіх краінах (...) Прызнанне Нобелеўскай прэміі міру Леху Валэнсе, не толькі ўшанаванне, але і выраз удзячнасці за мужнасць выбраць мірны шлях. Пазней, калі ў Польшчы абрынуўся камуністычны рэжым, у краіне пачаліся пераўтварэнні, менавіта Валэнса стаў першым прэзідэнтам дэмакратычнай Польшчы.

Сёлета Нобелеўскую прэмію міру атрымаў праваабаронца з Беларусі Алесь Бяляцкі, разам з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскім «Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў». Алесь Бяляцкі ўшанаваны за непахіснасць у барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі, нягледзячы на велізарны ціск з боку ўладаў. Беларусы, якія былі вымушаныя з'ехаць з краіны, ратуючыся ад тэрору Лукашэнкі, мараць пра тое, што менавіта Алесь Бяляцкім мог бы стаць прэзідэнтам дэмакратычнай Беларусі. Пра што сведчаць гэтыя спадзевы людзей і наколькі для цяперашняй Беларусі актуальны вопыт польскай «Салідарнасці» мы паразмаўлялі з праваабаронцам Змітром Салаўёвым.

 - Немагчыма ўжо праводзіць такія паралелі, таму што сітуацыя ў Беларусі зараз горш, чым была сітуацыя ў Польшчы ў 1980-ыя гады падчас ваеннага становішча. Беларусь знаходзіцца пад падвойнай акупацыяй. З аднаго боку, гэта расійскія войскі, якія забіваюць мірных украінцаў сваімі дронамі ды ракетамі, а ў лютым напалі на Украіну з тэрыторыі Беларусі. З другога боку, гэта лукашэнкаўскія калабаранты, якія не маюць ніякай легітымнасці. Зараз гэта цалкам рэпрэсіўны рэжым, які вядзе тэрор супраць уласнага народу. Людзей саджаюць на некалькі гадоў за каментары ў сацсетках. Сённяшняя Беларусь нагадвае не Польшчу 1980-ых гадоў, а канец 1930-ых гадоў у Савецкім Саюзе, калі за анегдот саджалі на 10 гадоў.

Гучаць меркаванні, што менавіта Бяляцкі павінен быць прэзідэнтам у дэмакратычнай Беларусі. Пра што сведчаць гэтыя спадзевы?

- Гэтыя размовы сведчаць пра высокі маральны аўтарытэт Алеся Бяляцкага, якія больш за 30 год змагаецца за Беларусь. Па сутнасці, усё свядомае жыццё змагаецца за незалежнасць Беларусі, беларускую культуру ды правы чалавека. Ён ідзе па сваім жыццёвым шляху паслядоўна. Людзі, калі гэта бачаць, разумеюць, што чалавек з маладосці гэтым займаўся. Але па беларускай Канстытуцыі Алесь не можа балатавацца, бо народжаны не ў Беларусі. Самае галоўнае, на маю думку, што ў Беларусі ўвогуле не патрэбна прэзідэнцтва. Беларусь – невялікая краіна, якой можа спакойна кіраваць парламент. Патрэбны добры парламент.

У Польскай сітуацыі Нобелеўская прэмія не столькі дала Валэнсе свабоду (ён быў вызвалены да прызнання прэміі), колькі прызнанне. Менавіта з ім камуністычныя ўлады вялі перамовы аб перадачы ўлады. Ці ў Беларусі Нобелеўская прэмія можа паспрыяць хуткаму вызваленню Алеся Бяляцкага ды іншых "вясноўцаў"?

- Ёсць розныя акалічнасці вызвалення. Некаторыя лукашысцкія прапагандысты ўжо пачалі пісаць такую ерась, што "марныя спадзяванні на вызваленне Бяляцкага пасля прызнання Нобелеўскай прэміі, мы за яго запатрабуем яшчэ больш дадатковых крокаў". Яны разглядаюць Бяляцкага ды "вясноўцаў", як закладнікаў. Чым закладнік больш каштоўны для міжнароднай супольнасці, тым яны больш запатрабуюць за вызваленне. Гэта сядзіць у іх галовах. Але міжнародная ўвага будзе на карысць Бяляцкаму. З такім чалавекам немагчыма зрабіць што заўгодна ў турме, бо свет назірае ды памятае пра яго. Гэта вельмі важна.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі