Беларуская Служба

П. Усаў: Улада хоча, каб людзі баяліся нават кепска пра яе думаць

02.11.2022 13:17
Аўдыё
  • П. Усаў: Улада хоча, каб людзі баяліся нават кепска пра яе думаць
Павал Усаўradyjo.net

Рэгуляванне цэн у Беларусі прывяло да розных рэакцый, як з боку прадпрымальнікаў, так і з боку ўладаў. Паказальнай стала гісторыя з Полацку, калі была затрымана прадпрымальніца Таццяна Шастак, якая збіралася перадаць мясцовым уладам петыцыю ад мясцовых ІП. У ёй гандляры прасілі растлумачыць, як працаваць у новых умовах з цэнаўтварэннем.

Палітолаг Павал Усаў кажа, што ўлада хоча, каб людзі баяліся нават кепска пра яе думаць.

-Тое, што пачаліся спробы данесці да лакальных уладаў сутнасць праблемы, з’яўляецца паказчыкам таго, што сітуацыя даволі крытычная, бо людзі ва ўмовах палітычнага тэрору спрабуюць выказацца. У скандальнай, цалкам абсурднай манеры, хоць цалкам характэрнай, беларускія ўлады спрабуюць зачысціць усе думкі і меркаванні. Гэта нагадвае тое, што адбывалася падчас пандэміі, калі лекараў прымушалі падпісваць паперы пра неразгалошванне інфармацыі. Потым перайшло ў форму жудасных рэпрэсій у 2020 годзе. Цяпер любая спроба актыўнасці, звязаная з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй, разглядаецца як варожы працэс. Нават не крытыка, а асобнае меркаванне ці погляд будуць знішчацца дзеля таго, каб трымаць людзей у страсе. Нават, калі б яны ўмоўна паміралі з голаду, то яны не змаглі б і слова сказаць, не тое каб супрацьстаяць уладам. Была затрымана прадстаўніца пэўнай групы прадпрымальнікам. ІП заўсёды ўладамі разглядаліся як пагроза. Лукашэнка неаднойчы называў іх спекулянтамі, з якімі неабходна змагацца. Думаю, у рэгіёнах гэтая тэндэнцыя будзе яшчэ больш пашырацца. Улады будуць душыць усё, што яшчэ дыхае, баючыся санкцый у дачыненні да саміх сябе. Людзей будуць паказальна затрымліваць, каб прымусіць людзей баяцца нават кепска думаць пра ўладу.

У далучаным гукавым файле слухайце каментар да планаў стварэння вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі ваеннаслужачых Беларусі і Расіі.

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Палітычнае люстэрка